Logo Polskiego Radia
Print

«Суд скончыцца маёй перамогай – у гэтым не сумняваюся ані на грам»

PR dla Zagranicy
Alaksandar Papko 17.01.2018 15:19
  • Суд скончыцца маёй перамогай – у гэтым не сумняваюся ані на грам.mp3
Аляксей Д., якога ў Варшаве затрымала польская паліцыя па запыце зь Менска, распавядае, што яго перасьледуе беларускі КДБ.
Аляксей Д. Аляксей Д. Фота прадстаўленае героем інтэрвію

Беларускі грамадзянін, які чакае на атрыманьне палітычнага прытулку ў Польшчы, быў затрыманы польскай паліцыяй па запыце зь Менску. 34-гадовага Аляксея Д. беларускія сілавікі спачатку аб’явілі ў вышук па абвінавачаньні ў згвалтаваньні, але затым зьмянілі абвінавачаньне на нясплату падаткаў. Лёс менчука, які ўжо тры гады жыве ў Варшаве, павінен вырашыць суд. «Гэта палітычны перасьлед, які ініцыяваў КДБ», – сьцьвярджае Аляксей. Падрабязнасьці свайго затрыманьня ён распавядае Аляксандру Папко.

Аляксей, раскажыце, калі ласка, як пачалася вашая гісторыя з затрыманьнем у Варшаве па запыце Інтэрполу, які паступіў зь Беларусі?

Аляксей: Я быў на працы. Мяне выклікаў кіраўнік, паклікаў у кабінэт. У кабінэце разам з шэфам было двое паліцэйскіх. Яны мне паказалі ліст, дзе было напісана: «Пошук Інтэрполу». Пошук гэты быў зьвязаны са згвалтаваньнем жанчыны. Мне пачалі задаваць пытаньні: можа я нешта не памятаю, можа быў п’яны? Па шчырасьці, пытаньні мне падаліся крыху абразьлівымі. Паліцэйскія сказалі, што я павінен паехаць зь імі. Мне надзелі кайданкі, мы вышлі працы праз чорны ход і паехалі ў камісарыят. Там мы пасядзелі гадзіны тры.

Праз тры гадзіны прыйшоў афіцэр, прынёс новую паперу. Сказаў: «Ведаеце, стары запыт ужо неактуальны. Цяпер вас шукаюць з-за неаплачаных падаткаў». Я адказаў: «Дзіўна! Можа заўтра будзе яшчэ нейкі іншы артыкул?» Мы пасьмяяліся. Я чуў, як за дзьвярыма размаўлялі двое паліцыянтаў. Адзін зь іх сказаў: «Калі спачатку адно абвінавачаньне, а затым – іншае, то гэта выглядае неяк несур’ёзна. Відаць, сапраўды ў хлопца праблемы нейкага іншага характару».

Паліцэйскія затрымалі вас, а затым адпусьцілі. На якой падставе вас выпусьцілі, і што вы цяпер павінныя рабіць?

Аляксей: На наступны дзень пасьля затрыманьня мяне прывезьлі ў пракуратуру. Пракурор выслухаў мяне, затым паказаў абвінавачаньне беларускага боку. Там былі ўсяго два абзацы. Было напісана, што я не заплаціў падаткаў на суму 170 тысячаў даляраў. Я сказаў, што гэта – хлусьня, а мая справа – палітычная, і я магу пра гэта расказаць. Мы прабылі ў пракуратуры дзьве гадзіны. Сам пракурор не пажадаў праводзіць арышт. Ён захацеў, каб рашэньне пра арышт прыняў судзьдзя. Мы паехалі ў Акружны суд Варшавы. Адвакат ужо прывёз неабходныя паперы, падтрымаць мяне прыехалі калегі.

У судзе пракурор заявіў, што патрабуе арыштаваць мяне на 7 дзён, пакуль ня прыйдзе падрабязная інфармацыя зь Беларусі. Мы з адвакатам паказалі доказы, пасьведчаньні, фотаздымкі. Судзьдзя запытала: «Ці можам мы верыць, што вы не зьбяжыце?» Я адказаў: Калі б я сапраўды быў вінаваты, то я б не чакаў нечага ў Польшчы, а хаваўся б». Судзьдзя загадала ўнесьці невялічкі заклад, а цяпер я павінен два разы на тыдзень прыходзіць у камісарыят паліцыі й ставіць свой подпіс – і ўсё. Цікава, што пракурор не падаваў апэляцыі на рашэньне судзьдзі пакінуць мне на свабодзе. Пракуроры заўсёды падаюць апэляцыі, а ў нашым выпадку гэтага не было – і гэта добры сыгнал для нас.

Якім чынам вы патрапілі ў Польшчу? Чаму вы былі вымушаныя зьехаць зь Беларусі?

Аляксей: Пакуль магу толькі сказаць, што мой выезд быў зьвязаны з перасьледам за апазыцыйную дзейнасьць з боку КДБ. Падрабязнасьцяў, на жаль, я не магу распавесьці, бо так просіць адвакат.

Як вы адкажаце на прэтэнзіі да вас, якія прагучалі ў газэце «Наша Ніва»? Журналісты газэты кажуць, што вы не ўдзельнічалі ў апазыцыйнай дзейнасьці, што ў Руху салідарнасьці «Разам» вас не памятаюць і што вашае імя немагчыма знайсьці праз Google.

Аляксей: Па-першае, я заўсёды быў асобай, якая не жадае «сьвяціцца», але доказаў маёй дзейнасьці ўсё роўна хапае. Па-другое, я заўсёды быў сябрам Руху салідарнасьці «Разам», і гэта можа пацьвердзіць былы яго старшыня Вячаслаў Сіўчык, а таксама Алесь Макаеў. Я ведаю шмат людзей з руху, а тыя, хто пракамэнтавалі інфармацыю пра мяне «Нашай Ніве», наколькі я я ведаю, самі ўжо некалькі гадоў ня маюць ніякага дачыненьня да Руху салідарнасьці «Разам». Нас гэта зьдзівіла. Чаму журналісты пытаюць не афіцыйных прадстаўнікоў руху, а нейкіх, як кажа сам спадар Вячаслаў Сіўчык, «няясных» людзей?

На сайце газэты таксама была апублікаваная фатаграфія з вашага профілю ў «Фэйсбуку». На ёй вы паказаныя з польскай сымболікай і віншаваньнямі на Дзень незалежнасьці Польшчы. Скажыце, калі ласка, што гэта азначае й чаму вы паставілі гэтую фатаграфію.

Аляксей: Як сябра Руху салідарнасьці «Разам», я салідарызуюся з іншымі народамі. Калі ў Польшчы быў Дзень незалежнасьці, то я вырашыў падтрымаць сяброў-палякаў і зрабіў такую іконку на фотаздымак. А на наступны дзень у мяне ізноў быў свой звычайны аватар. Я ня ведаю, чаму журналісты «Нашай Нівы» выбралі менавіта гэты здымак. Я таксама зьдзіўлены – можна было выбраць іншае фота.

Ці затрымлівалі вас у Беларусі за грамадзкую й палітычную дзейнасьць?

Аляксей: Затрыманьняў не было. Я заўсёды быў асьцярожны. Але былі розныя выпадкі, калі прыходзілася бегчы (сьмяецца).

Чым вы займаліся ў Беларусі?

Аляксей: У мяне была невялікая фірма. Я займаўся аптовым гандлем канцылярскімі прыладамі. Другім кірункам дзейнасьці фірмы была здача ў арэнду будаўнічых інструмэнтаў.

Ці падавалі вы дакумэнты на атрыманьне палітычнага прытулку ў Польшчы?

Аляксей: Так, я падаваў іх у сьнежні 2014 году. Справа ўсё яшчэ разглядаецца.

Калі вы жылі ў Менску, ці прыходзілі да вас беларускія спэцслужбы?

Аляксей: Я разумею, што гэта ўсіх цікавіць, але сапраўды я пакуль не магу адказаць на гэтае пытаньне. Прыйдзе час, я ўсё распавяду. І інфармацыі будзе шмат.

Калі адбудзецца суд, і які вы спадзеяцеся атрымаць вынік?

Аляксей: Калі будзе суд – невядома. Наколькі я ведаю, судовая справа можа цягнуцца доўга. Павінныя выслухаць усіх сьведкаў. І яшчэ невядома, што прыйдзе зь Менска – бо для мяне гэта таксама сюрпрыз. А тое, што суд скончыцца маёй перамогай – у гэтым я не сумняваюся ані на грам.

Размаўляў Аляксандар Папко

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт