Logo Polskiego Radia
Print

У Варшаве адбылося шэсьце да 100-годзьдзя БНР (дапоўнена)

PR dla Zagranicy
Jolanta Śmiałowska 26.03.2018 16:54
  • 25_сакавіка_Варшава_шэсьце.mp3
«Няма вольнай Эўропы бяз вольнай Беларусі» - дэпутат Сэйму Польшчы.
Збор удзельнікаў каля помніка Т.Касьцюшку ў ВаршавеЗбор удзельнікаў каля помніка Т.Касьцюшку ў Варшавеradyjo.net/Я.Смялоўская

Апоўдні па галоўных вуліцах Варшавы, ад помніка Тадэвушу Касьцюшку да помніка Адаму Міцкевічу, зь бел-чырвона-белымі сьцягамі ішлі беларускія студэнты, навуковыя супрацоўнікі беларускіх ВНУ, увогуле беларусы, якіх лёс кінуў у Польшчу; палякі – прыхільнікі беларускай справы, а з блакітна-жоўтымі сьцягамі - украінцы.

Ігар Кузьмініч, выкладчык Варшаўскага ўнівэрсытэта: У Беларусі адзіныя мерапрыемствы, на якія можна беларусам выходзіць, гэта тыя, якія арганізоўвае сама дзяржава. Усё астатняе вельмі падазронае. «Якой халеры, здаецца так уладам, людзі самастойна трацяць свой час, ідуць?» Як быццам бы ня могуць зразумець, што людзі могуць верыць у гэтыя ідэалы й могуць проста прыйсьці, каб выказаць сваё меркаваньне. Мы прыходзім таму, што верым у гэтыя ідэалы, якія адстойваем.

Слава з расейска-башкірска-казахскага памежжа: Адчуваю еднасьць. Магчыма, гэта й генэтычная памяць. Я не магу давесьці дакумэнтамі, што я зьяўляюся беларусам па крыві, але паводле духу – так.

Войтэк, карэнны паляк: У нас ёсьць з вамі агульная супольнасьць, якая стварылася на працягу ўсіх гэтых гадоў, у маім выпадку 3 гады, калі я актыўна ўдзельнічаю. Я не магу растлумачыць, як гэта атрымалася, што я так закахаўся ў Беларусь. Пачалося ад людзей, пазьней прыйшла культура й мова. І ўсё – я тут з вамі.

Гісторыю БНР у савецкі час хавалі ад народу, казаў прафэсар Алесь Краўцэвіч: Я вучыўся ў савецкім унівэрсытэце ў 70-80 гады. Мы ніколі ня чулі пра гэтую падзею на лекцыях прафэсараў-камуністаў гісторыі Беларусі. І скончыўшы ўнівэрсытэт, гістарычны факультэт з чырвоным дыплёмам, я пра гэтую падзею ня ведаў. Беларуская Народная Рэспубліка - гэта была ня проста голая дэклярацыя – гэта быў акт нараджэньня нацыі.

Дэпутат польскага Сэйму ад партыі "Грамадзянская пляформа" Анджэй Галіцкі падкрэсьліў, што цэлая дэмакратычная Польшча сёньня зь беларусамі, бо «няма вольнай Эўропы бяз вольнай Беларусі».

Алесь
Алесь Зарэмбюк (Беларускі дом) (зьлева) і (справа) Анджэй Галіцкі (Грамадзянская плятформа)
Пасярэдзіне
Пасярэдзіне Наталка Панчэнка (з украінскім сьцягам)

Ад імя ўкраінцаў, якія таксама прыйшлі падтрымаць беларусаў, выступіла Наталка Панчанка, вядомая актывістка Эўрамайдану:

Наталка Панчанка: Сёньня мінае ўжо сотая гадавіна з таго дня, калі Беларусь стала незалежнай, але, на жаль, да сёньня вы сваю незалежнасьць, так як і мы, мусіце адстойваць. Сёньня на гэтай плошчы сабраліся тыя, каму ня ўсё роўна.

Пасьля шэсьця арганізатары запрасілі ўдзельнікаў прыняць удзел у гульні, прысьвечанай Беларускай Народнай Рэспубліцы.

25 сакавіка 1918 году Рада БНР прыняла Трэцюю ўстаўную грамату, у якой абвясьціла незалежнасьць Беларусі.

яс

/
/
/
Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт