Logo Polskiego Radia
Print

У Польшчы вырасла новае пакаленьне беларусазнаўцаў (ФОТА)

PR dla Zagranicy
Viktar Korbut 25.05.2018 17:09
  • 2505 Канфэрэнцыя ў ВУ.mp3
25 траўня маладыя дасьледчыкі сустрэліся ў Варшаўскім унівэрсытэце.
25 траўня 2018 г., Варшаўскі ўнівэрсытэт, у кулюарах міждысцыплінарнай навуковай канфэрэнцыі “Беларусь — тэксты і кантэксты”: Мікалай Хаўстовіч і Анхэля Эсьпіноса Руіс25 траўня 2018 г., Варшаўскі ўнівэрсытэт, у кулюарах міждысцыплінарнай навуковай канфэрэнцыі “Беларусь — тэксты і кантэксты”: Мікалай Хаўстовіч і Анхэля Эсьпіноса РуісФота: Віктар Корбут/radyjo.net

25 траўня ў Варшаўскім унівэрсытэце сабраліся маладыя навукоўцы з розных краін Эўропы, каб абмяняцца сваімі ведамі і адкрыцьцямі пра Беларусь. Гісторыя Вялікага Княства Літоўскага, беларускай літаратуры і тэатру, праблемы старажытнай і сучаснай беларускай мовы, а таксама замежная палітыка Рэспублікі Беларусь — вельмі розныя тэмы гучалі ў выступленьнях маладых вучоных падчас міждысцыплінарнай канфэрэнцыі “Беларусь — тэксты і кантэксты”.

Будынак
Будынак Варшаўскага ўнівэрсытэту (зьлева), дзе 25 траўня 2018 г. адбылася міждысцыплінарная навуковая канфэрэнцыя “Беларусь — тэксты і кантэксты”

З 2000 году на катэдры беларусістыкі Варшаўскага ўнівэрсытэту дзейнічае навуковы гурток Albaruthenica. З 2017 году гурток аб’ядноўвае сем студэнтаў. Старшыня суполкі Albaruthenica — студэнт Ян Вячорак. Навуковы кіраўнік — прафэсар Мікалай Хаўстовіч. Удзельнікі гуртка зьбіраюць і папулярызуюць інфармацыю пра Беларусь, удасканальваюць веды па беларускай мове. Да суполкі можа далучыцца кожны студэнт Варшаўскага ўнівэрсытэту.

Гурток зьяўляецца арганізатарам сёньняшняй канфэрэнцыі.

Філіп
Філіп Урбаньскі

Філіп Урбаньскі, старшыня арганізацыйнага камітэту міждысцыплінарнай навуковай канфэрэнцыі “Беларусь — тэксты і кантэксты”: Сёлета канфэрэнцыя праходзіць у трэці раз. У ёй дзельнічаюць 15 маладых навукоўцаў. З году ў год колькасьць удзельнікаў прыкладна аднолькавая. Мы стараемся гуртаваць дасьледчыкаў з розных навуковых цэнтраў — з Варшаўскага ўнівэрсытэту, Унівэрсытэту ў Беластоку, а таксама з-за мяжы. У канфэрэнцыі ўдзельнічаюць магістры, дактаранты, якія рыхтуюць свае навуковыя дысэртацыі.

Рабочыя
Рабочыя матэрыялы ўдзельнікаў міждысцыплінарнай навуковай канфэрэнцыі “Беларусь — тэксты і кантэксты”

З Гішпаніі спэцыяльна на канфэрэнцыю ў Варшаўскі ўнівэрсытэт прыляцела яго леташняя выпускніца Анхэля Эсьпіноcа Руіс. Цяпер яна плённа працягвае навучаньне на бацькаўшчыне.

Анхэля Эсьпіноса Руіс, дактарант Мадрыдзкага ўнівэрсытэту: Я ўдзельнічала ў арганізацыі папярэдняй канфэрэнцыі, а таксама выступала там з дакладам. А сёлета прыехала ў свой “стары” ўнівэрсытэт, дзе скончыла магістратуру па беларускай філялёгіі.

Чым займаесься цяпер у Мадрыдзе?

Анхэля Эсьпіноса Руіс: Паступіла ў асьпірантуру, пішу дысэртацыю — параўнальнае дасьледаваньне беларускай і гішпанскай літаратур ХІХ стагодзьдзя: пра фальклёрныя элемэнты ў прозе Яна Баршчэўскага і гішпанскага рамантыка Густава Адольфа Бэкера.

Візыт у польскую сталіцу для Анхэлі Эсьпіносы Руіс — гэта таксама нагода сустрэцца з калегамі, сябрамі.

Гістарычная
Гістарычная панэль міждысцыплінарнай навуковай канфэрэнцыі ў Варшаўскім унівэрсытэце “Беларусь — тэксты і кантэксты”

Яшчэ адзін замежны госьць канфэрэнцыі — Раман Сварабовіч. Ён прадстаўляе Менскі дзяржаўны лінгвістычны ўнівэрсытэт. У Варшаву прыехаў, каб падзяліцца з тутэйшымі беларусістамі сваімі назіраньнямі за працэсам пранікненьня іншамоўных слоў у беларускую мову.

Раман Сварабовіч: Калі нейкі прадмет ці зьява ўпершыню зьявіліся за мяжой, і Беларусь хоча іх запазычыць, то бярэ з-за мяжы і слова, якое абазначае новы прадмет або зьяву. Запазычваньні ў беларускую мову найбольш часта прыходзяць праз польскую і расейскую, бо гэтыя мовы на крок апярэджваюць беларускую. Слоў, якія трапілі ў беларускую мову ў ХХ-ХХІ стагодзьдзях, вельмі шмат. Гэта зьвязана з разьвіцьцём такіх галін, як робататэхніка, генэтыка — тут вельмі шмат запазычваньняў.

Дыялёг пра беларускую мову працягнула ў сваім дакладзе дактарант Варшаўскага ўнівэрсытэту Кляўдыя Собань. Яшчэ ў магістратуры дзяўчына занялася вывучэньнем палітыкі ўлад Польскай Народнай Рэспублікі ў адносінах да школ зь беларускай мовай навучаньня ў ваколіцах Беластоку.

Кляўдыя
Кляўдыя Собань і Раман Сварабовіч

Кляўдыя Собань: Палітыка камуністычных улад вяла да таго, каб Польшча стала монаэтнічнай дзяржавай. Аднак нават часовае паляпшэньне сытуацыі, калі на Падляшшы раптам адкрывалася вельмі многа беларускіх школ, не давала таго выніку, які чакаўся. Бо гэтыя школы не функцыянавалі так, як мусілі. Іх зноў ліквідавалі. Усё гэта прыводзіла да таго, што беларусы не адчувалі сваёй адметнасьці, мелі праблемы з самаідэнтыфікацыяй.

Малы
Малы двор Варшаўскага ўнівэрсытэту. Від з акна залі пасяджэньняў міждысцыплінарнай навуковай канфэрэнцыі “Беларусь — тэксты і кантэксты”

Кола студэнтаў беларусазнаўцаў Варшаўскага ўнівэрсытэту здолела сёлета згуртаваць вакол беларускай тэматыкі маладых і пэрспэктыўных дасьледчыкаў з розных навучальных устаноў Польшчы, Гішпаніі, Беларусі. Навуковы кіраўнік гуртка Albaruthenica Мікалай Хаўстовіч паабяцаў, што найлепшыя даклады ўбачаць сьвет у друку — на старонках часопісу Acta Albaruthenica.

Мікалай Хаўстовіч, прафэсар Варшаўскага ўнівэрсытэту, навуковы рэдактар часопісу Acta Albaruthenica: Чакаем вашы артыкулы. Вельмі цешыць тое, што даволі вялікая група маладых навукоўцаў займаецца беларускай тэмай. Нічога дзіўнага ў гэтым бадай няма. Шмат вякоў два нашы народы жылі ў адной дзяржаве.

Многія даклады на канфэрэнцыі закраналі беларуска-польскія адносіны ня толькі ў мінулым, але і ў сучаснасьці. Напрыклад, Філіп Урбаньчык расказаў пра пэрспэктывы Беларусі і Польшчы як транзытных краін на гандлёвым шляху, якія вядзе з Кітаю на захад Эўропы. Аналізаваліся ў выступленьнях і адносіны Беларусі з Расеяй, Украінай, Эўрапейскім зьвязам.

Пасьведчаньні
Пасьведчаньні ўдзельнікаў міждысцыплінарнай навуковай канфэрэнцыі ў Варшаўскім унівэрсытэце “Беларусь — тэксты і кантэксты”

Канфэрэнцыя студэнтаў і дактарантаў Варшаўскага ўнівэрсытэту сьведчыць пра тое, што ў Польшчы і Эўропе існуе цікавасьць да Беларусі, а сярод удзельнікаў форуму маладых вучоных, праўдападобна, былі будучыя аўтарытэтныя спэцыялісты па беларускім пытаньні.

Віктар Корбут

Фота: Віктар Корбут/radyjo.net

Слухайце, калі ласка, далучаны гукавы файл

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт