Logo Polskiego Radia
Print

Беларусы Падляшша спаборнічалі на веданьне беларускай мовы (ФОТА)

PR dla Zagranicy
Viktar Korbut 30.05.2018 18:59
  • 3005 Алімпіяда па бел. мове.mp3
29 траўня ў Варшаве ўзнагародзілі ўдзельнікаў 24-й усяпольскай Алімпіяды па беларускай мове.
Варшава, 29 траўня 2018 г. Удзельнікі і пераможцы 24-й усяпольскай Алімпіяды па беларускай мове. Зьлева -- Агнешка СаўчукВаршава, 29 траўня 2018 г. Удзельнікі і пераможцы 24-й усяпольскай Алімпіяды па беларускай мове. Зьлева -- Агнешка СаўчукФота: Віктар Корбут/radyjo.net

Па традыцыі Алімпіяда па беларускай мове праводзіцца сярод школ Падляшша, дзе мясцовыя дзеці вывучаюць родную мову. А ўзнагароды пераможцы атрымліваюць у Варшаве. Урачыстасьць адбываецца на катэдры беларусістыкі ВУ.

Алімпіяда мае ня толькі мовазнаўчы, але і гісторыка-культурны зьмест.

Варшава,
Варшава, 29 траўня 2018 г. Прадстаўнікі катэдры беларусістыкі Варшаўскага ўнівэрсытэту (зьлева направа): праф. Ніна Баршчэўская, праф. Мікалай Хаўстовіч, Анна Сівірска

Дыплёмы за першае месца ў 24-м выпуску Алімпіяды па беларускай мове атрымалі Агнешка Саўчук і Максім Фіёнік.

Максім Фіёнік, пераможца Алімпіяды па беларускай мове: Дзякуючы алімпіядзе я магу зь сябрамі паразважаць пра Багушэвіча і Каліноўскага. Гэта алімпіяда вельмі важная для нашага разьвіцьця — нас, беларусаў на Падляшшы, у Польшчы.

Агнешка Саўчук, пераможца Алімпіяды па беларускай мове: Мы жывём на Беласточчыне, на Падляшшы, гаворым па беларуску, і алімпіяда сьведчыць пра тое, што мы не забудзем беларускую мову, што мы не забудзем, што мы беларусы.

Варшава,
Варшава, 29 траўня 2018 г. Дыплём фіналіста Алімпіяды па беларускай мове

Мікалай Хаўстовіч, прафэсар, старшыня аргкамітэту Алімпіяды па беларускай мове: Запрашаем да ўдзелу ў наступных алімпіядах. Вы ўжо маеце пэўны вопыт, ведаеце, як праходзіць алімпіяда. І маеце шанс стаць ляўрэатамі.

Н. Баршчэўская: Спадзяюся, што многія зь пераможцаў алімпіяды неўзабаве стануць студэнтамі катэдры беларусістыкі ВУ. У нас вучыцца мо і няшмат студэнтаў, але яны маюць вялікія магчымасьці: становяцца спэцыялістамі як па беларускай, так і па расейскай, ангельскай мовах. Катэдра вядзе інтэсіўную навуковую дзейнасьць. І нам будзе вельмі прыемна, калі вы станеце нашымі студэнтамі. Нашы дзьверы для вас адчынены.

Катэдра беларусістыкі ВУ — гэта навуковы цэнтар, дзе ў таленавітай моладзі ёсьць магчымасьць заняцца навукай. Толькі сёлета катэдра арганізавала тры навуковыя канфэрэнцыі, правяла фэстываль “Беларуская культура ў панараме”. А таксама ўпершыню была арганізавана “Беларуская дыктоўка ў Варшаўскім унівэрсытэце” — яшчэ адзін спосаб папулярызацыі беларускай мовы ў Польшчы.

Варшава,
Варшава, 29 траўня 2018 г. Падзякі супрацоўнікам катэдры беларусістыкі Варшаўскага ўнівэрсытэту ад Культурнага цэнтру Беларусі пры Пасольстве Беларусі ў Польшчы

Інэса Гапанюк, вучаніца 2-га ліцэю ў Бельску-Падляскім, удзельніца Алімпіяды па беларускай мове: Я хацела б паступіць у Варшаву на беларусістыку. Беларуская мова — гэта тое, што я люблю. І думаю, што мне будзе добра на беларусістыцы ў Варшаўскім унівэрсытэце. Я люблю беларускую мову, адчуваю сябе беларускай. Гэта сапраўды для мяне важная мова.

Аднак пэрспэктывы беларускай мовы зьвязаны ў тым ліку зь яе запатрабаванасьцю ў Беларусі. На жаль, попыт на вывучэньне беларускай мовы падае нават на Падляшшы. Аднак настаўнікі упэўнены, што жадаючыя яе вывучаць зьявяцца ў школах і сёлета.

Ялянта Грыгарук, настаўніца беларускай мовы з Гайнаўкі: Вядома, колькі набярэцца жадаючых вывучаць беларускую мову, стане толькі ў ліпені, калі скончыцца працэс набору. Але бывае, што хтосьці ў верасьні яшчэ надумае. Бывае так, што спачатку ідуць у іншую школу, а вяртаюцца потым да нас.

Ян
Ян Карчэўскі, настаўнік беларускай мовы і літаратуры ў 2-м агульнаадукацыйным ліцэі з дадатковым вывучэньнем беларускай мовы ў Гайнаўцы


Ян Карчэўскі, настаўнік беларускай мовы і літаратуры ў 2-м агульнаадукацыйным ліцэі з дадатковым вывучэньнем беларускай мовы ў Гайнаўцы: Сёлета ў нас плянуецца адкрыць тры паралельны клясы зь беларускай мовай. Здаецца, пэрспэктывы ёсьць. Але з году ў год штораз цяжэй. І ўсё ж яшчэ ёсьць моладзь, якая хоча прыйсьці ў наш ліцэй. Наш ліцэй вядомы як адзін з найлепшых у Гайнаўскім павеце. Мы даём высокі ўзровень навучаньня па ўсіх прадметах. А дадаткова выкладаем беларускую мову.

Варшава,
Варшава, 29 траўня 2018 г., Беларуская заля пасольства Беларусі ў Польшчы. Цырымонія ўзнагароджваньня ўдзельнікаў Алімпіяды па беларускай мове. Зьлева направа: Ілона Юрэвіч, кіраўнік Культурнага цэнтру Беларусі пры пасольстве Беларусі ў Польшчы, Аляксандар Часноўскі, саветнік-пасланьнік пасольства Рэспублікі Беларусь у Польшчы

У пасольстве Беларусі ў Польшчы арганізатараў і ўдзельнікаў алімпіяды запэўнілі ў тым, што будуць падтрымліваць беларускую мову.

Аляксандар Часноўскі, саветнік-пасланьнік пасольства Рэспублікі Беларусь у Польшчы: Я спадзяюся, што вы працягнеце сваё знаёмства зь беларускай мовай, працягнеце дзейнасьць, якая зьвязана зь беларускай мовай і культурай. Самыя цёплыя словы я хацеў бы скіраваць да настаўнікаў за шматгадовую адданасьць справе распаўсюджваньня беларускай мовы.

Варшава,
Варшава, 29 траўня 2018 г., Беларуская заля пасольства Беларусі ў Польшчы. Удзельнікі Алімпіяды па беларускай мове, прадстаўнікі катэдры беларусістыкі Варшаўскага ўнівэрсытэту і супрацоўнікі пасольства Беларусі ў Польшчы

Сёньня беларуская мова гучыць у многіх мясьцінах Польшчы. Удзельнікі алімпіяды мелі магчымасьць таксама пачуць яе і ў Варшаве — падчас экскурсіі ў Каралеўскіх Лазенках, якую праводзіў выпускнік катэдры беларусістыкі ВУ Лявон Маліноўскі.

Варшава,
Варшава, Каралеўскія Лазенкі, 29 траўня 2018 г. Экскурсія для ўдзельнікаў Алімпіяды па беларускай мове. На дургім пляне зьлева -- Лявон Маліноўскі, Анна Сівірска

Лявон Маліноўскі: Станіслаў Іраклій Любмамірскі збудаваў тут першы будынак, якім была лазьня. Ад гэтай лазьні пазьней увесь парк і ўся гэтая тэрыторыя ўзялі сваю назву.

У 2019 годзе ў Варшаве пройдзе 25-ы фінал Алімпіяды па беларускай мове. Тое, што сёлета ёсьць жадаючыя вывучаць яе ў школах на Падляшшы і ў Варшаўскім унівэрсытэце, сьведчыць пра захаваньне пэрспэктыў разьвіцьця беларушчыны ў Польшчы.

Віктар Корбут

Фота: Віктар Корбут/radyjo.net

Слухайце, калі ласка, далучаны гукавы файл

Варшава,
Варшава, Каралеўскія Лазенкі, 29 траўня 2018 г. Удзельніцы Алімпіяды па беларускай мове
Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт