Logo Polskiego Radia
Print

„Варшаўскі мост”. Піяніст Гедымін Праспэр Радкевіч (ФОТА)

PR dla Zagranicy
Viktar Korbut 05.07.2018 08:08
  • 0705 Варшаўскі мост. Гедымін Радкевіч. Ч. 2.mp3
Забытыя мэлёдыі кампазытара ХІХ стагодзьдзя ўпершыню гучаць на хвалях Польскага радыё.
Адно з выданьняў твораў Гедыміна Праспэра Радкевіча. Фрагмэнт вокладкі. ХІХ ст.Адно з выданьняў твораў Гедыміна Праспэра Радкевіча. Фрагмэнт вокладкі. ХІХ ст.Фота: архіў Уладзіміра Лябецкага

Гедымін Праспэр Радкевіч — бадай невядомы нават многім музыказнаўцам кампазытар ХІХ стагодзьдзя. Ён — ураджэнец Беларусі, які лічыў сябе палякам, а жыў у Вільні, там жа і пахаваны.

Гедымін Праспэр Радкевіч быў заможным чалавекам. І дзякуючы дабрабыту мог дазволіць сабе свабодна займацца творчасьцю: у сваім маёнтку ў Юрацішках, у Вільні, дзе меў уласныя дамы. Але ён не здабыў славы.

Прызнаньне да Радкевіча прыходзіць толькі цяпер. Дзякуючы Ўладзіміру Лябецкаму, беларускаму піяністу, музыколягу, які працуе ў Варшаве і вяртае забытыя мэлёдыі Радкевіча беларусам і палякам.

Выдадзеныя
Выдадзеныя ў Варшаве мазуркі Гедыміна Праспэра Радкевіча. Другая палова ХІХ ст.

Зьвестак пра Гедыміна Праспэра Радкевіча захавалася няшмат. А каб іх знайсьці, трэба адсачыць сьляды кампазытара ў друку другой паловы ХІХ стагодзьдзя.

Уладзімір Лябецкі: Гедымін Праспэр Радкевіч нарадзіўся ў Паўночна-Заходнім краі Расейскай імпэрыі, але называў сябе палякам. Калі я вывучаў тагачасную прэсу Віленшчыны і Гарадзеншчыны, напрыклад, “Виленские губернские ведомости”, то там можна было знайсьці інфармацыю толькі пра афіцыйныя мерапрыемствы і мерапрыемствы, якія датычылі праваслаўнай царквы. Усё, што датычыла каталіцкага касьцёла, польскай арыстакратыі, не адлюстроўвалася. Таму я не спадзяюся ўжо, што знайду нешта ў гэтых выданьнях пра Радкевіча. Аднак у выданьні Kraj, якое друкавалася ў Санкт-Пецярбургу на польскай мове, я знайшоў згадкі пра віленскія касьцёлы, мясцовых арганістаў. У тым жа выданьні я знайшоў інфармацыю пра “больш-менш вядомых польскіх кампазытараў”, якія працавалі ў Вільні, прозьвішчы якіх мне не вядомы, а сярод іх фігуруе Гедымін Праспэр Радкевіч. На жаль, сапраўдная слава прыйшла да Радкевіча ўжо пасьля яго сьмерці...

У нашы дні творы Гедыміна Праспэра Радкевіча дзякуючы Ўладзіміру Лябецкаму гучаць у Беларусі і Польшчы. Сёлета адбыліся канцэрты з твораў Радкевіча ў Варшаве і ў Любліне.

Дом
Дом Г. П. Радкевіча ў Юрацiшках. 1931 г. Фота: архіў Уладзіміра Лябецкага

Гедымін Праспэр Радкевіч нарадзіўся ў Юрацішках, а пахаваны ў Вільні. Тут, на могілках Роса, ляжаць яго астанкі.

Уладзімір Лябецкі: Згодна з традыцыяй таго часу, на надмагільным помніку напісана на польскай мове, што Гедымін Праспэр Радкевіча — obywatel ziemi wileńskiej. Так выразна акрэсьлена яго бацькаўшчына — зямля, дзе ён жыў, тварыў, адкуль яго карані. Я знайшоў у архіве яго пасьведчаньне аб сьмерці, у якім напісана, што Радкевіч зьяўляўся калескім саветнікам. Чалавек з такой пасадай павінен быў быць выпускніком нейкага ўнівэрсытэту. Гэта значыць, што Радкевіч быў адукаваным чалавекам. У яго сям’і захаваліся зьвесткі пра тое, што Радкевіч скончыў кансэрваторыю ў Парыжы. Мой знаёмы Георгій Сасноўскі, які ўзначальвае беларуска-францускую культурную асацыяцыю, абяцаў дапамагчы мне знайсьці зьвесткі пра тое, дзе і ў каго вучыўся Гедымін Праспэр Радкевіч. Гэта дасьць магчымасьць адказаць на пытаньне, чаму менавіта ў той або іншай стылістыцы, жанрах тварыў Радкевіч.

Г.
Г. П. Радкевіч з дачкой. Другая палова ХІХ ст. Фота: архіў Уладзіміра Лябецкага

Музыка Гедыміна Праспэра Радкевіча не гучала больш за сто гадоў. І вось яна зноў лунае ў паветры. А дзякуючы тэхнічным магчымасьцям, эфіру Польскага радыё далятае і да родных мясьцін кампазытара — Юрацішак і Вільні. Уладзімір Лябецкі карыстаецца ў сваю чаргу любой магчымасьцю, каб папулярызаваць творчую спадчыну суайчыньніка.

Уладзімір Лябецкі: Я, як піяніст, хацеў бы адзначыць, што на міжнародных конкурсах ёсьць патрабаваньне: выкананьне твора той краіны, якую прадстаўляе піяніст. Я думаю, што творы Радкевіча пасьля таго, як мы яго зноў для сябе адкрылі, маглі б выконваць прадстаўнікі Беларусі. Дарэчы, у творах Радкевіча назіраецца вельмі цікавае спалучэньне заходніх (Бэтховэна, Мэндэльсона, Шапэна, Ліста) і ўсходніх уплываў. У кампазыцыях піяніста адлюстроўваецца музычная культура яго часу.

Віктар Корбут

Фота: архіў Уладзіміра Лябецкага

Слухайце, калі ласка, далучаны гукавы файл

Адзін
Адзін з дамоў, што належаў Г. П. Радкевічу ў Вільні (рог сучасных вул. Барбарас Радвілайцес і Шылтадаржа). 2000 г. Фота: архіў Уладзіміра Лябецкага
Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт