Logo Polskiego Radia
Print

«З пакаленьнем 20-30-х гадоў адыходзіць беларуская мова ў Латвіі»

PR dla Zagranicy
Viktar Korbut 12.07.2018 15:49
  • 0712 Варшаўскі мост. М. Янковяк. Ч. 1.mp3
Польскі вучоны запісаў апошніх носьбітаў беларускіх гаворак пад Даўгаўпілсам.
Вёска ў Саліенскай воласьці Даўгаўпілскага раёна ЛатвііВёска ў Саліенскай воласьці Даўгаўпілскага раёна ЛатвііФота: Мірослаў Янковяк

Беларуская мова ў Латгаліі зьнікае, — з такой сумнай весткай вярнуўся з экспэдыцыі з латвійска-беларускага памежжа Мірослаў Янковяк, вядомы польскі вучоны, беларусіст. Ён зафіксаваў апошніх носьбітаў беларушчыны, паўтарыўшы падарожжа, якое ажыцьцявіў у 1903 годзе іншы вядомы беларусіст, прафэсар Варшаўскага ўнівэрсытэта Яўхім Карскі.

Яшчэ сёньня ў ваколіцах Даўгаўпілса, горада на поўдні Латвіі, можна пачуць беларускую мову. Але ад вельмі старых жыхароў. І гэта, на жаль, апошнія носьбіты беларускай мовы ў рэгіёне.

Мірослаў Янковяк вярнуўся з тэрыторыі, якая ў гісторыі вядома пад рознымі назвамі. У эпоху Рэчы Паспалітай яе называлі Інфлянтамі — так у польскай транскрыпцыі гучала нямецкая назва Ліфляндыя.

Мірослаў
Мірослаў Янковяк. Фота: архіў Мірослава Янковяка

Увогуле ж — гэта Латгалія, рэгіён Латвіі, дзе жывуць людзі з адметнай мовай і культурай, падобнай адначасова і да літоўскай, і да латыскай.

Разам з латгальцамі карэннымі жыхарамі гэтага краю зьяўляюца палякі і беларусы. Іх традыцыі, народны строй падобныя да латгальскіх.

Лічыцца, што мясцовыя беларусы, а таксама палякі — нашчадкі тых латгальцаў, якія калісьці перайшлі на беларускую і (або) польскую мову.

У 2003 годзе, пасьля вучобы ў Варшаўскім унівэрсытэце, Мірослаў Янковяк паступіў у дактарантуру Інстытута славістыкі Польскай акадэміі навук. І перад ім паўстала пытаньне: што вывучаць?

Пра тое, што гэта будуць беларускія гаворкі ў Латвіі, малады вучоны сьпярша нават ня думаў. Спачатку ён плянаваў дасьледаваць польскія гаворкі ў Латвіі. Але потым аказалася, што акурат у той час па гэтай праблеме была абаронена дысэртацыя. І тады ўзьнікла ідэя вывучыць беларускія гаворкі. Гэтаму спрыяла і тое, што Янковяк трохі ведаў латыскую мову.

Мірослаў Янковяк: Літоўскія, латвійскія і беларускія лінгвісты ў 1970-я гады праводзілі экспэдыцыю ў Латвіі, дзе сабралі запісы беларускіх гаворак, якія былі апублікаваны ў “Слоўніку беларускіх гаворак паўночна-заходняй Беларусі і яе пагранічча”. Але пасьля гэтага бадай ніхто не займаўся вывучэньнем гэтых гаворак. І вось я ў 2004 годзе ўпершыню паехаў у Латвію дасьледаваць беларускія гаворкі. Яны тыповыя для паўночна-ўсходняга дыялекта беларускай мовы, гэта прадаўжэньне гэтага дыялекта. Я сустрэў яшчэ шмат людзей, якія размаўлялі на беларускай гаворцы. Але сярод іх існавалі дзьве групы: аўтахтоны і прыежджыя. Прыежджыя гаварылі на паўночна-заходнім дыялекце. Аднак у абедзьвюх груп амаль ідэнтычная фанэтыка і марфалёгія. А вось лекыка адрозьніваецца. У мясцовых жыхароў лексыка бліжэйшая да расейскай мовы, а ў прыежджых больш палянізмаў. Але цяпер адбылася ўніфікацыя лексыкі дзьвюх груп — у бок расейскай мовы.

Калі Мірослаў Янковяк пачынаў дасьледаваць беларускія гаворкі ў Латгаліі, то перш за ўсё вывучыў Краслаўскі раён. Бо тут, паводле статыстыкі, пражывае больш за ўсё беларусаў.

Носьбіт
Носьбіт беларускага дыялекта зь Піедруі Краслаўскага раёна Латвіі (нябожчыца). Фота: Мірослаў Янковяк

З 2014 года вучоны дасьледуе ўсю тэрыторыю, дзе яшчэ сто гадоў фіксаваліся беларускія дыялекты — ад горада Зылупэ на паўночным усходзе Латгаліі да Ілукшты на паўднёвы захадзе. Першапраходцам тут быў у 1903 годзе прафэсар Варшаўскага ўнівэрсытэта Яўхім Карскі.

Мірослаў Янковяк: На жаль, беларускія гаворкі ў Латвіі паміраюць. Яшчэ 10-12 год назад я быў большым аптымістам. Сёлета я праводзіў дасьледаваньне ў Даўгаўпілскім раёне, і тут знайшоў толькі паасобных беларускамоўных бабуль на хутарах. Беларуская мова саступае расейскай. Як толькі памрэ пакаленьне, народжанае ў 1920-1930-х гадах, зь ім адыдзе і беларуская мова на тэрыторыі Латвіі. На жаль. Цэлыя вёскі пустуюць на гэтай тэрыторыі. Напрыклад, у адной вёсцы 20 дамоў, а людзі жывуць у трох-чатырох. Няма беларускага насельніцтва. Таму калі ў воласьці знойдзеш трох-чатырох бабуль, якія карыстаюцца беларускай гаворкай, то гэта добра.

Там, дзе была польская мова, там лепш захавалася і беларуская гаворка. Дзе прападае польская мова, там празь нейкі час прападаюць і беларускія гаворкі, а зь імі прападаюць і даўнія балцкія запазычаньні ў мове, і на гэта месца ўваходзіць расейская мова з расейскай лексыкай. Спэцыфіка гэтай тэрыторыі яшчэ ў тым, што большасьць тых, з кім я размаўляў, — гэта католікі.

Праз тры-пяць, ну, можа, сем гадоў нейкі дасьледчык яшчэ знойдзе адну беларускамоўную бабулю дзесьці на хутары. Але ў такім выпадку мы ўжо ня зможам казаць пра функцыянаваньне беларускіх гаворак у Латвіі. Мы зможам толькі канстатаваць, што там жыве некалькі чалавек, якія ведаюць гэту гаворку.

На жаль, беларуская мова не перадаецца малодшаму пакаленьню. Пакаленьне 1940-х гадоў гаворыць на расейскай мове з элемэнтамі беларускіх гаворак, а сярэдняе пакаленьне ўжо не размаўляе на беларускай гаворцы.

Мірослаў Янковяк цяпер працуе ў Празе, у Чэскай акадэміі навук. Тут ён рыхтуе сваю другую кнігу пра беларускія гаворкі ў Латвіі. Гэта будзе збор тэкстаў — узоры мовы апошніх носьбітаў беларушчыны.

У гэтым матэрыяле выкарыстаны фрагмэнты з латгальскай народнай песьні Auga, auga rūžeņa ў выкананьні Лаймы Дзалбэ.

Латгальская народная творчасьць блізкая беларускай, але, паводле Мірослава Янковяка, у экспэдыцыях яму не ўдалося ўжо запісаць беларускіх песень.

Віктар Корбут

Фота: архіў Мірослава Янковяка

Слухайце, калі ласка, далучаны гукавы файл

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт