Logo Polskiego Radia
Print

Што чакае беларускую мову ля Аўгустоўскага канала

PR dla Zagranicy
Viktar Korbut 15.08.2018 09:09
  • 0815 Дыялектолягі на Падляшшы.mp3
Мовазнаўцы зь Менска і Прагі рыхтуюць дасьледаваньне пра беларускую мову на Падляшшы.
Царква ў вёсцы Ячна ў гміне Дамброва БеластоцкаяЦарква ў вёсцы Ячна ў гміне Дамброва БеластоцкаяФота: Мірослаў Янковяк

Беларускія і польскія мовазнаўцы вывучаюць беларускія гаворкі ў Польшчы, на Падляшшы. У канцы ліпеня яны ажыцьцявілі чарговую экспэдыцыю, падчас якой ацанілі пэрспэктывы існаваньня беларускай мовы ў ваколіцах гарадоў Саколкі і Аўгустова.

Лінгвісты з Інстытута мовазнаўства Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі і супрацоўнік Славянскага інстытута Акадэміі навук Чэскай Рэспублікі Мірослаў Янковяк 25-31 ліпеня пабывалі ў экспэдыцыі на тэрыторыі сумежных зь Беларусьсю гмін Польшчы: Lipsk і Dąbrowa Białostocka.

Для вучоных стала адкрыцьцём, што ў гэтым кутку Польшчы яшчэ гавораць па-беларуску.

Вынікам паездкі стане вялікае дасьледаваньне, прысьвечанае дыялектам рэгіёна.

Ігар Капылоў, дырэктар Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі: Фактычна наш праект рэалізуецца ўжо восьмы год, але толькі чацьвёрты год мы можам выехаць на палявыя дасьледаваньні на Падляшша. Мы ставім на мэце максымальна поўна ахапіць гэту тэрыторыю. Мы былі два гады ў навакольлі Супрасьля. Летась мы былі ў ваколіцах Саколкі. А сёлета пабывалі пад Аўгустовам.

Экспэдыцыя была арганізавана ў ваколіцы славутага Аўгустоўскага канала, якія стаў у апошнія гады турыстычнай славутасьцю Польшчы і Беларусі.

Як і ў папярэднія гады, кірунак маршруту экспэдыцыі вызначаўся рухам на поўнач ад Беластока.

Палявыя дасьледаваньні праходзілі пераважна ў навакольлі гміны Ліпск. Выбар гэтага рэгіёна абумоўліваўся тым, што якраз тут знаходзяцца апошнія беларускамоўныя вёскі, абсьледаваныя яшчэ ў 50-60-я гады ХХ ст. паводле сеткі населеных пунктаў, прынятай для выданьня Atlas gwar wschodniosłowiańskich Białostocczyzny. Як адзначалася ў інфармацыйным дадатку да атляса, далей за тэрыторыю гміны Ліпск усходнеславянскія гаворкі не распаўсюджаны. Стваральнікі гэтай лінгвагеаграфічнай працы таксама пісалі, што на той час у вёсках па-беларуску гаварылі толькі некаторыя людзі сталага ўзросту, а моладзь выкарыстоўвала ў зносінах польскую мову.

Дыялекталягічная экспэдыцыя ліпеня 2018 г. была накіравана на тое, каб праверыць, ці жывая яшчэ сёньня пад Ліпскам беларуская гаворка.

Былі абсьледаваны вёскі Воўкуш (Wołkusz), Старыя, Лясныя і Новыя Багатыры (Bohatery), Раковічы (Rakowicze), Ялова (Jałowo), Крапіўна (Kropiwno), Востраў (Ostrowie) і інш.

Таксама дасьледчыкі наведалі вёску Ячнае (Jaczno), якая адносіцца да гміны Дамброва Беластоцкая (Dąbrowa Białostocka).

Уяўленьні, якія грунтаваліся на зьвестках з атляса, што беларускія гаворкі пад Ліпскам страчаны, не пацьвердзіліся.

Сустрэчы, гутаркі зь вяскоўцамі старэйшага пакаленьня паказалі: беларуская дыялектная мова і сёньня жыве, функцыянуе ў гэтым рэгіёне.

Дыялекталягічная
Дыялекталягічная экспэдыцыя ў вёсцы Волкуш у гміне Ліпск. Ліпень 2018 г. Справа Мірослаў Янковяк.
Фота: Анастасія Марозава

Мірослаў Янковяк: Гэта была наша чацьвёртая паездка на Падляшша. Мы накіраваліся гэтым разам на паўночы ўсход ад Супрасьля і Саколкі. Перш за ўсё дасьледавалі Ліпскі павет. Там большасьць вёсак каталіцкія, таму адчуваецца моцная інтэрфэрэнцыя польскай мовы. Але ўдалося знайсьці старэйшых асоб, якія размаўлялі на беларускай гаворцы. Лепш беларуская мова захавалася ў праваслаўных вёсках. У каталіцкіх вёсках па-беларуску гаворыць старэйшае пакаленьне, а сярэдняе трошкі разумее. У праваслаўных вёсках сытуацыя лепшая. Там нават унукі разумеюць беларускую гаворку, але ўжо, на жаль, не размаўляюць. Увогуле ж, беларуская гаворка з пункту гледжаньня лексыкі, марфалёгіі і сынтаксісу ў гэтым рэгіёне працягвае функцыянаваць. Таму нельга пагадзіцца з дасьледчыкамі, якія кажуць, што тут ужо няма беларускіх гаворак.

Вераніка Курцова, загадчыца аддзела дыялекталёгіі і лінгвагеаграфіі Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі: Тэрыторыя, якую мы наведалі, паводле навуковай дыялекталягічнай клясыфікацыі цалкам належыць да гарадзенска-баранавіцкіх гаворак паўднёва-заходняга дыялекта беларускай мовы.

Сёньня беларускую мову яшчэ можна пачуць на Падляшшы. А што яе чакае заўтра?

Ігар Капылоў: Вельмі важнае пытаньне — нацыянальная ідэнтыфікацыя жыхароў памежжа. Хто ты — беларус, паляк, праваслаўны, католік? Калі чалавек лічыць сябе беларусам і хоча заставацца ім, то ён будзе імкнуцца беларускую мову перадаваць з пакаленьня ў пакаленьня. Важную ролю адыгрывае школа. Але, наколькі мне вядома, у гэтым рэгіёне ня так і многа беларускіх школ. Яшчэ важна, каб і ў Беларусі беларуская мова шырока падтрымлівалася, ужывалася. Тады гэта будзе таксама вельмі моцны фактар узьдзеяньня. Наколькі мне вядома, у Польшчы былі фірмы, якія гандлявалі зь Беларусьсю і рыхтавалі беларускамоўных спэцыялістаў. Але сытуацыя, на жаль, мяняецца не на карысьць беларускай мовы.

Вераніка Курцова падкрэсьлівае, што ў наш час, калі ідуць працэсы глябалізацыі, важна пасьпець занатаваць моўныя асаблівасьці таго або іншага рэгіёна сьвету.

Праваслаўны
Праваслаўны надмагільны помнік на Падляшшы

Фота: Мірослаў Янковяк

Вераніка Курцова: Тэндэнцыя ў Еўропе такая, што мясцовыя гаворкі зьнікаюць. Але мы маем магчымасьць запісаць іх — і такім чынам пакінуць памяць пра тое, як гаварылі бацькі, дзяды на ўсёй тэрыторыі Беларусі. Гукавыя запісы маюць вышэйшую гістарычную каштоўнасьць.

Беларускія вучоныя і Мірослаў Янковяк плянуюць апублікаваць запісы, зробленыя на Падляшшы. І нават калі беларуская мова зьнікне з гэтага кутка Эўропы, гэта адбудзецца не бясьсьледна. Памяць пра яе будуць захоўваць кнігі і аўдыёфайлы.

Віктар Корбут

Слухайце далучаны гукавы файл

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт