Logo Polskiego Radia
Print

Год Манюшкі: «Дзейнічаем разам — Беларусь, Літва і Польшча»

PR dla Zagranicy
Viktar Korbut 14.02.2019 10:07
  • 0214 Варшаўскі мост. В. Дамброўскі - Год Манюшкі. Ч. 1.mp3
Вальдэмар Дамброўскі, упаўнаважаны па арганізацыі сьвяткаваньня Года Манюшкі, пра ролю кампазытара ў гісторыі і культуры.
Вальдэмар ДамброўскіВальдэмар ДамброўскіФота: Wojciech Olszanka

У біяграфіі Вальдэмара Дамброўскага шмат вех, што моцна зьвязалі яго з польскай культурай.

У 1979-1981 гадах Вальдэмар Дамброўскі зьяўляўся кіраўніком аддзела культуры адміністрацыі Варшавы, у 1990 годзе атрымаў пасаду намесьніка міністра культуры і мастацтва Польшчы. У 2002-2005 гадах займаў крэсла міністра культуры. У 2003 годзе дзякуючы яго намаганьнямі, у прыватнасьці, быў заснаваны Інстытут кнігі, які займаецца папулярызацыяй польскай літаратуры за мяжой.

У 2004 годзе Вальдэмар Дамброўскі ініцыіраваў дзяржпраграму «Шапэн 2010», а ў 2008 годзе быў прызначаны кіраўніком камітэта па сьвяткаваньні Года Шапэна ў 2010-м.

Невыпадкова, маючы за плячыма гэтак многа дасягненьняў і, галоўнае, велізарны вопыт, Вальдэмар Дамброўскі ў 2017 годзе быў прызначаны ўпаўнаважаным па арганізацыі сьвяткаваньня ў 2019-м Года Станіслава Манюшкі.

З Вальдэмарам Дамброўскім мы сустрэліся ў яго кабінэце ў Вялікім тэатры — Нацыянальнай опэры, якую ён узначальвае з 1998 года — зь перапынкам і з 2008 года — пастаянна.

Калі ўпершыню ў жыцьці Вы пачулі музыку і імя Манюшкі?

Вальдэмар Дамброўскі: Музыку Манюшкі я пачуў упершыню несьвядома. Бо Польскае радыё і польскае тэлебачаньне перадавалі розныя мэлёдыі. І я нават не ўсьведамляў, што гэта Манюшкавы творы.

Таксама мне ўспамінаецца такі момант... У маёнтку, побач зь сядзібай маіх дзядоў, на ўсход ад Радзыміна, у бок беларускай граніцы, вісела карціна. На ёй была адлюстравана сцэна ў салёне шляхецкага дома: агонь у каміне, фартэп’яна, пан і пані. На карціне былі відаць сымбалі шляхецтва — кунтуш і шабля, якія віселі на сьцяне. Гэта быў твор аднаго з сыноў Станіслава Манюшкі.

Так я ўпершыню пачуў імя Манюшкі, і толькі пасьля пачаў усьведамляць маштаб асобы кампазытара.

Увогуле ж, у тыя часы прысутнасьць Манюшкі ў польскай культуры адчувалася мацней. Ён больш прысутнічаў у штодзённым жыцьці, чым цяпер. Тады ў дамах былі музычныя інструмэнты, многія сьпявалі. Была толькі адна праграма тэлебачаньня — з 17-й да 22-й гадзіны. Гэта быў час іншых культурных арыенціраў. І ў тыя часы Манюшка быў бясспрэчнай каштоўнасьцю. А яго опэры, асабліва «Галька» і «Страшны двор», зьяўляліся асновай усяго польскага опэрнага мастацтва.

Досыць сказаць, што Вялікі тэатар, у якім мы цяпер знаходзімся, быў адкрыты ў 1965 годзе (пасьля зьнішчэньня нацыстамі ў 1941-м) чатырма спэктаклямі, сярод якіх былі і Манюшкавы «Галька» і «Страшны двор».

Вальдэмар
Вальдэмар Дамброўскі (зьлева) на цырымоніі адкрыцьця мэмарыяльнай дошкі ў гонар Станіслава Манюшкі на цэнтральным чыгуначным вакзале Варшавы, названым 5 студзеня 2019 г. імем С. Манюшкі. Фота: Donat Brykczyński

Якое месца займае музыка Манюшкі ў польскай культурнай прасторы і ўвогуле ў жыцьці польскага грамадзтва?

Вальдэмар Дамброўскі: Вялікая колькасьць падзей, якія мелі патрыятычны характар, важныя гадавіны аздабляліся музыкай Манюшкі. Не выключна ёю, але і ёю ў тым ліку. Гэта невыпадкова. Бо гэта найбольш выдатны польскі кампазытар ХІХ ст. поруч з Шапэнам.

Але ключавой падзеяй, якая мяне наблізіла да спадчыны Манюшкі, а дакладней, да яго песень, быў конкурс імя Манюшкі, які быў заснаваны ў 1992 годзе ў Варшаўскай філярмоніі. Тады я пачаў глядзець на Манюшку трохі іначай — ня толькі як на аўтара вялікіх і важных для нас опэр, але і на таго, хто сярод выдатных кампазытараў свайго часу стварыў самую вялікую колькасьць вакальнай лірыкі, якою зьяўляюца песьні, а іх у Манюшкі больш за 300. А знаўцы сьцьвярджаюць, што з гэтай колькасьці 80 маюць сусьветны ўзровень — на адным узроўні з найлепшымі творамі эўрапейскіх аўтараў. І тады я таксама зразумеў, у якім мастацкім асяродзьдзі існаваў Манюшка. Бо ён пісаў песьні на вершы выдатных польскіх паэтаў, уключна зь Міцкевічам [а таксама іншымі ўраджэнцамі Беларусі — Чачотам, Сыракомлем і інш. — Рэд.], а таксама расейскіх, нямецкіх, францускіх.

Манюшка быў чалавекам, які знаходзіўся ў цэнтры эўрапейскага культурнага жыцьця, якое ў опэрным мастацтве таго часу вызначалі італьянцы, у сымфанічным мастацтве — немцы, у вакальнай лірыцы — немцы і аўстрыйцы. І на адным узроўні з усім гэтым тварыў Станіслаў Манюшка.

Адзін выдатны італьянскі дырыжор, які пазнаёміўся з творчасьцю Манюшкі, адзначыў, што яна зьяўляецца выдатнай, мае арыгінальныя рысы і сказаў, што нельга сур’ёзна разглядаць эўрапейскую музыку бяз спадчыны вялікага польскага майстра Станіслава Манюшкі.

Як Вы глядзіце на тое, што Манюшку лічаць сваім ня толькі палякі, але і, напрыклад, беларусы?

Вальдэмар Дамброўскі: Сам Манюшка, хаця нарадзіўся ў Убелі, у Беларусі, усьведамляў, што яго род паходзіць з Падляшша. Род Манюшкаў у 1529 г. атрымаў ад караля Жыгімонта Старога шляхецкі герб і з таго часу меў сваё сямейнае гняздо ў мясцовасьці Монькі, што на паўночны захад ад Беластока. Відавочна, назва Монькі зьвязана з прозьвішчам Манюшка.

Для мяне таксама відавочна, што музыка Манюшкі зьўляецца нашай агульнай каштоўнасьцю. Важны той факт, што Беларусь і Літва разам з Польшчай зьвярнуліся да ЮНЭСКА з прапановай абвясьціць 2019-ы Годам Манюшкі. І таму ў мяне ёсьць адчуваньне, што мы дзейнічаем разам — Беларусь, Літва і Польшча.

Віктар Корбут

Слухайце далучаны гукавы файл

Аўтар выказвае падзяку Вользе Дзяшко-Вайцяхоўскай, каардынатару праектаў Бюро Года Манюшкі за дапамогу ў арганізацыі інтэрвію

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт