Logo Polskiego Radia
Print

Тэракт: застаецца шмат пытаньняў (фота)

PR dla Zagranicy
Valery Sauko 04.12.2011 20:06
У Менску Любоў Кавалёва жыве ў сям’і, якая пацярпела ў выніку тэракту на станцыі мэтро.

Сёньня ў Варшаве адбылася прэс-канфэрэнцыя Любові Кавалёвай і Тацьцяны Кавалёвай – маці й сястры прыгаворанага да расстрэлу Ўладзіслава Кавалёва. На сустрэчы з польскімі журналістамі прысутнічала таксама праваабаронца Людміла Гразнова. Жанчыны заклікалі падтрымаць іх у барацьбе за ўвядзеньне ў Беларусі мараторыя на выкананьне сьмяротнага прысуду. Любоў Кавалёва зазначыла, што ў Беларусі здараюцца судовыя памылкі, і яна хацела б, каб не была дапушчана чарговая, бо калі хлопцаў расстраляюць, то жыцьця ім ніхто ня верне.

/

Л.Кавалёва: У нас вельмі часта здараюцца судовыя памылкі, не хацелася б, каб і цяпер гэта паўтарылася. Хацелася б, каб справу накіравалі на дасьледаваньне, каб у канцы разабраліся, хто сапраўды зьдзейсьніў гэтую жудасную трагедыю. Калі цяпер хлопцаў расстраляюць, і пасьля высьвятліцца, што гэта не яны, іх жыцьця ўжо ня вернеш. Нельга дапусьціць, каб колькасьць ахвяр тэракту павялічылася да сямнаццаці чалавек.

Некалькі дзён таму спадарыня Любоў сустрэлася з сынам. Спатканьне працягвалася 30 хвілін, адзін аднаго яны бачылі праз шыбу, а размаўлялі па тэлефоне. Можна было гаварыць толькі на бытавыя тэмы, за яе сьпіной стаяў чалавек.

Л.Кавалёва: Я сказала сыну, што так здарылася, што гэта лёс паслаў нам выпрабаваньне, і мы павінны яго прайсьці разам. Вельмі цяжка зразумець яго стан, я думаю, што ў яго ўсё роўна нейкая надзея застаецца. Я хадзіла да прэзыдэнта, насіла прашэньне. Калі на рукі атрымаем прыгавор, Улад таксама напіша прашэньне аб памілаваньні. Больш у нас шанцаў няма.

Любоў Кавалёва сказала, што большасьць людзей, зь якімі яна сустракаецца, у тым ліку й пацярпелыя ў тэракце, ня вераць у тое, што гэта Дзьмітры ды Ўлад зьдзейсьнілі злачынства.

Праваабаронца Людміла Гразнова зазначыла, што судовы працэс падзяліў і так падзеленае беларускае грамадзтва. На працэсе яна прысутнічала з самага пачатку.

/

Л.Гразнова: Цяпер у Беларусі ідзе сапраўдная інфармацыйная вайна. Выкарыстоўваючы дзяржаўнае тэлебачаньне, улады стараюцца даказаць, што гэтыя хлопцы зьдзейсьнілі тэракт. Я была на працэсе практычна зь першага дня. І з кожным паседжаньнем у мяне расла ўпэўненасьць у тым, што гэтыя хлопцы не стваралі гэтае выбуховае прыстасаваньне, яны яго не прыносілі й тым больш не націскалі на кнопку.

Правабаронца сумняецца, што гэта хлопцы змайстравалі ды прывялі ў дзеяньне бомбу. Прысутнічаючы на працэсе, у яе склалася ўражаньне, што справа “шытая белымі ніткамі”.

/

Л.Гразнова: У Канавалава, па-першае, не было матываў: ён не маньяк, не тэрарыст, не зьяўляецца псыхічна хворым. У яго няма прычыны зьдзяйсьняць гэтае жорсткае злачынства! Ён ня мог ва ўмовах падвала плошчай мэтр дваццаць на мэтр дваццаць, прычым без каналізацыі, без вэнтыляцыі, без водазабесьпячэньня, стварыць выбуховае прыстасаваньне, якое, паводле старшыні КДБ Зайцава, ня мае аналягаў у сьвеце.
Відэа, якое было прадстаўлена як асноўны доказ на судзе, не зьяўляецца доказам, а мантажом. На відэа нават бачна, што гэта не Канавалаў нясе сумку, гэта ня той чалавек: ён высокі, шыракаплечы, вялікі.
На Канавалаве не былі знойдзены сьляды выбуховых рэчываў. Пракурор сказаў, што, маўляў, Канавалаў стаяў недзе там у закавулку, да яго не даляцелі часьцінкі. Але выбуховыя рэчывы распаўсюдзіліся ня толькі на “Кастрычніцкай”, дзе адбыўся выбух, ня толькі ў лабірынце, але даляцелі да “Купалаўскай”. Усе былі ў гэтым пыле!
Канавалаў, паводле сьведчаньня сьведкі Пачыцкай, прыйшоў дадому а 18.00. За дзьве хвіліны да гэтага прагрымеў выбух. Якім чынам ён змог так хутка аказацца дома, за дзьве хвіліны!?
Такіх пытаньняў падчас судовага паседжаньня, такіх нестыковак, такіх глупстваў, такога адкрытай – ня хочацца казаць хлусьні, - але зьлепленага нажывую сьледзтва, на такую хуткую нітку, была агромная колькасьць.


У канцы Людміла Гразнова зазначыла, што гэтая справа надзвычай важная, бо тут гаворка ідзе пра жыцьцё двух маладых людзей, якія могуць быць абсалютна невінаватымі. Яна спадзяецца, што Аляксандар Лукашэнка ўціхамірыць сытуацыю ў краіне.

Л.Гразнова: Калі гаворка ідзе пра жыцьцё двух чалавечых жыцьцяў, калі гаворка ідзе пра краіну, яе стабільнасьць, пра нашую ўпэўненасьць, што заўтра нічога не адбудзецца... Мы можам сказаць, што сьледзтва дапусьціла нейкія памылкі, на яго нехта ціснуў, што суд можа быць таксама нешта ня ўзяў пад увагу, нехта ціснуў... але апошняе слова застаецца за прэзыдэнтам. І мы чакаем, што ён зможа ўціхамірыць усю сытуацыю ў краіне.

Журналісты запыталіся ў Любові Кавалёвай, чаму толькі яна змагаецца за жыцьцё свайго сына й праўду й дзе бацькі Дзьмітрыя Канавалава? Яна адказала, што маці Канавалава пасьля арышту трапіла ў бальніцу з сардэчным прыступам, а бацька й яго брат былі арыштаваныя. Яны й цяпер знаходзяцца пад кантролем міліцыі.

Дарэчы, у Менску Любоў Кавалёва жыве ў сям’і, якая пацярпела ў выніку тэракту на станцыі мэтро.
Паўстае пытаньне: ці людзі, якія пацярпелі ад адзкай машыны, маглі б прыняць пад адзін дах маці сапраўднага тэрарыста?

Валеры Саўко

Фота:Беларуская служба/Саша Гразеўскі








Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт