Logo Polskiego Radia
Print

Алесь Бяляцкі й Алесь Лагвінец – ляўрэаты прэміі імя Сапегі (ФОТА)

PR dla Zagranicy
Alaksandar Papko 04.04.2012 18:54
  • Алесь Бяляцкі й Алесь Лагвінец – ляўрэаты прэміі імя Сапегі.mp3
Узнагароду штогод уручаюць самыя вядомыя польскія ўнівэрсытэты.

/

4 красавіка, у дзень народзінаў Льва Сапегі, ў Варшаве была ўручаная ўзнагарода імя славутага канцлера ВКЛ. Кожны год яе ўручаюць беларускім навукоўцам ды грамадзкім дзеячам, якія спрыяюць разьвіцьцю грамадзянскай супольнасцьі й будуюць праэўрапейскую дэмакратычную Беларусь. У гэтым годзе ўзнагароду атрымалі праваабаронца Алесь Бяляцкі ды палітоляг Алесь Лагвінец.

Узнагароду імя Льва Сапегі заснавалі 5 вядучых польскіх унівэрсытэтаў: Варшаўскі, Уроцлаўскі, Кракаўскі, Беластоцкі ды Познаньскі. Ляўрэат прэміі на працягу году будзе чытаць у гэтых ВНУ лекцыі на беларускую тэматыку ці весьці дасьледаваньні.

“Уручаючы гэтую ўзнагароду, мы хочам узмацніць у Польшчы цікавасьць да Беларусі,” – зазначыў дырэктар Інстытуту Ўсходняй Эўропы Варшаўскага ўнівэрсытэту Ян Маліцкі. Польскія навукоўцы жадаюць таксама адзначыць людзей, якія працуюць дзеля дэмакратычных пераменаў у самой Беларусі.

Ляўрэатамі сёлетняй узнагароды імя Сапегі сталі кіраўнік праваабарончага цэнтру “Вясна”, палітвязень Алесь Бяляцкі, а таксама Алесь Лагвінец – вядомы палітоляг, спэцыяліст у галіне эўрапейскай інтэграцыі, намесьнік старшыні Руху “За Свабоду!”. Крытэрыі выбару пераможцаў нам тлумачыць старшыня навуковай рады Ян Маліцкі.

/

Я. Маліцкі: Алеся Бяляцкага ведаюць усе. Гэта найбольш сымбалічная асоба 2011 году, якая была несправядліва асуджана за сваю годную дзейнасьць. Алесь Лагвінец зьяўляецца значна маладзейшым, але вельмі заслужаным і вельмі пэрспэктыўным грамадзкім дзеячам, які надзвычай актыўна пашырае ідэі, важныя з пункту гледжаньня нашай узнагароды. Гаворка ідзе пра ўзмацненьне ў беларускім грамадзтве гістарычнай сьвядомасьці ды эўрапейскіх каштоўнасьцяў.

Алесь Бяляцкі зможа атрымаць узнагароду як толькі выйдзе на свабоду – падкрэсьліў Ян Маліцкі. Гэта будзе для яго добрай падтрымкай і адпачынкам ад тых трагічных выпрабаваньняў, якія выпалі на яго долю.

“Я адчуваю велізарны гонар і ўдзячнасьць – зазначыў ляўрэат узнагароды імя Льва Сапегі Алесь Лагвінец. Я атрымаў велізарны аванс на тое, каб з большай энэргіяй займацца тым, што я рабіў дагэтуль”. Выпускнік БДУ і інстытуту палітычных навук Страсбурга, які выкладаў у Беларускім калегіюме ў Менску, ЭГУ ў Вільні і ў Southwestern College ў ЗША, ён цяпер атрымаў магчымасьць выкладаць ва ўнівэрсытэтах Польшчы.

/

А. Лагвінец: Для мяне будзе вялікім выклікам і гонарам выкладаць польскім студэнтам і распавядаць ім пра Беларусь. Для мяне гэта шанец заахвоціць палякаў (для якіх Беларусь не заўсёды зьяўляецца прыярытэтам нумар 1) цікавіцца Беларусьсю й зрабіць усё, каб паміж нашымі народамі, якіх шмат што яднае, адбывалася нармальнае ўзаемадзеяньне, каб мы не баяліся адзін аднаго й ня бачылі адзін у адным ворагаў.

Пашыраць кантакты паміж грамадзтвамі Польшчы й Беларусі важна ня толькі для беларусаў, але й для палякаў – кажа дарадца прэзыдэнта Польшчы, славуты дзеяч антыкамуністычнай апазыцыі Ян Літыньскі.

/

Я. Літыньскі: Без свабоднай і незалежнай Беларусі, Украіны, Летувы ня можа быць свабоднай і незалежнай Польшчы. Алесь Лагвінец прыгадаў гэтую ідэю знакамітага польскага інтэлектуала Ежы Гедройца ў сваёй прамове. І ўзнагарода, заснаваная пяцьцю паважанымі польскімі ўнівэрсытэтамі, падтрымлівае якраз гэтую ідэю – што быць свабоднымі мы можам толькі разам.

Падчас цырымоніі ўручэньня ўзнагароды імя Льва Сапегі выступоўцы неаднаразова прыгадвалі словы славутага канцлера ВКЛ, сказаныя 450 гадоў таму: “Прыстойнаму чалавеку няма нічога даражэйшага за свабоду. А няволя так павінна быць агідная, што ня толькі скарбамі, але й сьмерцю яе ад сябе адганяць абавязаны“.

Аляксандар Папко

/

/

/

/

/
Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт