Logo Polskiego Radia
Print

Тут прэзыдэнт любіць катацца на лыжах (ФОТА)

PR dla Zagranicy
Valery Sauko 22.02.2013 20:04
  • Істэбна.mp3
Зімовы курорт Істэбна - любімае месца адпачынку кіраўніка краіны.

Зіма пакрысе завяршаецца, але ў Польшчы, у гарах, умовы для катаньня на лыжах і снаўбордзе нядрэнныя. І сёньня ў рубрыцы “Запрашаем у Польшчу” накіруемся ў пэўную польскую мясцовасьць, дзе існуюць нядрэнныя ўмовы для зімовага адпачынку. Гэта Істэбна (Istebna), разьмешчаная ў Цешынскім павеце Сілескага ваяводзтва, амаль на самай мяжы з Чэхіяй. Дарэчы, цікавы факт: прыехаць у мясцовасьць Істэбна пакатацца на лыжах любіць прэзыдэнт Польшчы Браніслаў Камароўскі.

У пісьмовых крыніцах Істэбна ўпершыню ўзгадваецца ў 1621 годзе, хоць пасяленьні людзей тут былі створаныя намнога раней. У пэрыяд падзелу Польшчы вёска ўваходзіла ў склад Аўстра-Вугорскай імпэрыі, з 1919 года – у складзе Польшчы. У 1930-ыя гады тут дзякуючы горнаму мікраклімату пачынае разьвівацца санаторна-куротнае лячэньне, ствараюцца першыя аб’екты лыжнага спорту.

У мясцовасьці – некалькі горных цэнтраў, якія прапануюць аматарам лыжнага спорту й снаўбардыстам даволі прыстойныя ўмовы для актыўнага адпачынку. Тут някепскія лыжныя трасы, пад’ёмнікі ды фунікулёры, існуюць спэцыяльныя спускі для дзяцей. Акрамя таго, тут ёсьць школкі з ліцэнзіямі для дзетак, у якіх добра падтрыхтаваныя інструктары навучаць дзяцей ставіць першыя крокі на лыжах альбо снаўбордзе. А накатаўшыся на лыжах, вечар можна правесьці ў аквапарку “Ольза” з горкамі, джакузі, гейзерамі ды імітацыяй горнай ракі. У аб’екце таксама ёсьць некалькі саўнаў, у тым ліку з сухім і мокрым парам, саляная камэра ды сьценка для скалалазаньня. Калі ж нехта імчаўся на лыжах і расьцягнуў мышцы (чаго абсалютна вам не жадаем), то гэта не праблема, бо ў цэнтры “Ольза” можна пайсьці на масаж. Прычым тут працуюць таксама спэцыялісты з Кітая, і можна замовіць масаж родам з Паднябеснай. Турысты, якія аддаліся ў рукі кітайскага майстра, кажуць, што ўражаньне – проста боскае! Адным словам, дзякуючы спэцыялісту з Паднябеснай можна сябе адчуць... нібы ў небе.

Гатэльна-гастранамічная база ў мясцовасьці Істэбна даволі добра разьвітая, таму турысту, нават найбольш капрызнаму, галадаць ня прыйдзецца. Самае галоўнае – гэта зьмесьціва кашалька, бо тут можна знайсьці паслугі паводле самых розных стандартаў і густаў. А каб вы самі пераканаліся, дык запрашаем у курорт Істэбна, любімы зімовы курорт польскага прэзыдэнта – сьнегу там хапае. А цудоўная атмасфэра там ёсьць заўсёды!

Валеры Саўко

foto:
foto: www.mmsilesia.pl
/
foto:radio90.pl
foto:radio90.pl
foto.naszekwatery.pl
foto.naszekwatery.pl
Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт