Logo Polskiego Radia
Print

На Падляшшы ўшанавалі памяць ахвяраў "Бурага"

PR dla Zagranicy
Dzmitry Hurnievic 30.01.2015 15:46
  • Машына часу.mp3
Сёньня на Беласточчыне ўшанавалі памяць ахвяр масавага забойства 69-гадовай даўніны.

За некалькі дзён у пяці падляскіх вёсках было забіта больш 100 мясцовых беларусаў. За гэтае злачынства адказвае партызанскі атрад Рамуальда Райса “Бурага”.

Напрыканцы студзеня й пачатку лютага 1946 года партызанскія атрады Рамуальда Райса зьнішчылі некалькі вёсак у ваколіцах Бельска Падляскага. Партызаны спалілі Заляшаны, Шпакі, Вульку Выганоўску, Занэ й Каньцавізну. Ад куляў у полымі загінула 79 чалавек, у тым ліку жанчыны, дзеці й старыя.

31 студзеня каля вёскі Старыя Пухалы партызаны расстралялі 30 фурманоў.

Сёньня ў Кляшчэлях і Заляшанах маліліся за ахвяраў забойстваў. Пад крыжам у Заляшанах сабраліся жыхары вёскі й сем’і ахвяраў.

Мужчына: У Заляшанах час падзяліўся на “да пажару” й “пасьля пажару”. Гэтыя падзеі жыхары вёскі называлі пажарам, хаця гаворка ідзе ня толькі пра пажар. Тады адбылося страшнае забойства жыхароў гэтай вёскі. А пляны былі, каб зьнішчыць іх усіх.

Пасьля трагедыі злачынствы Райса ў камуністычнай Польшчы сталі тэмай табу. Пра іх не казалі ня толькі з высокіх трыбун, але і ў сем’ях, паміж сваякамі й блізкімі.

Жанчына: Я пра гэта ведаю з апавяданьняў бабулі. Ані мама, ані тата, нічога пра гэта не казалі. Хаця яны непсрэдна там былі, але выжылі. Ім было забаронена пра гэта казаць. А бабуля Зіна распавядала пра гэта ня раз: “Ведаеш, дзіцятка, я тады галадала, бо карміла людзей”. А сама была галодная.

Ушанаваць забітых у Заляшанах прыехаў і бургамістр Кляшчэляў Аляксандр Сяліцкі.

А. Сяліцкі: Я тут дзеля таго, каб ад імя жыхароў усёй гміны Кляшчэлі ўшанаваць памяць 16-ці чалавек, якія былі тут закатаваныя. Бадна “Бурага” забіла нявінных. Гэта павінна назаўсёды застацца ў нашай памяці, тых, хто жывы, і нам нельга ніколі пра гэта забыцца.

У Заляшанах партызаны сабралі ўсіх жыхароў у самы вялікі дом у вёсцы. Людзям патлумачылі, што там адбудзецца сход. Калі ўсе ўвайшлі ў будынак, то партызаны зачынілі дзьверы й падпалілі яго. У доме, апрача мужчын, былі жанчыны й дзеці. Адзін з жаўнераў дазволіў камусьці з дому выскачыць праз вакно й адчыніць дзьверы. Але калі ўсе пачалі ўцякаць, то рэшта партызанаў пачала страляць. Некаторыя зь іх стралялі ў паветра.

31 студзеня трагічнае здарэньне адбылося каля Старых Пухалаў. Партызаны загадалі мужчынам узяць коней і сабрацца ў адным месцы, каб дапамагчы ў транспарце. Пазьней ім загадалі разьвітацца. Калі хтосьці разьвітваўся па-каталіцку, то яму дазвалялі сыйсьці, а хто перахрысьціўся па-праваслаўнаму, таго расстралялі. Тады была забіта 30 чалавек.

Пасьля таго, як атрад Рамуальда Райса быў разьбіты ў красавіку 1946 года, камандзір атрада апынуўся ў Карпачы на поўдні Польшчы, дзе ўладкаваўся на працу ва ўправе гміны. У лістападзе 1948 года яго арыштавалі. Падчас сьледзтва Райс выдаў месцазнаходжаньне свайго намесьніка, падпаручніка К. Хмялёўскага, ілжыва абвінаваціўшы яго ва ўдзеле ў пацыфікацыі беларускіх вёсак. На паказальным працэсе Бурага прысудзілі да сьмяротнага пакараньня. Прысуд быў выкананы 30 сьнежня 1950 у Беластоку.

У 1995 годзе суд Варшаўскай вайсковай акругі рэабілітаваў Рамуальда Райса матывуючы сваю рашэньне тым, што ён «змагаўся за незалежнасьць польскай дзяржавы», а загады, датычныя ў тым ліку пацыфікацыі беларускіх вёсак, выдаваў у сытуацыі «стану найвышэйшай неабходнасьці, які змушаў яго да прыняцьця дзеяньняў, не заўсёды этычна адназначных».
Нязгодныя з рэабілітацыяй «Бурага» заснавалі Камітэт сем’яў замардаваных фурманаў, які між іншага дабіўся ўсталяваньня помніку на месцы перапахаваньня ахвяраў гвалту.

Некалькі гадоў таму Інстытут нацыянальнай памяці, які вёў сьледзтва па справе справе масавых забойстваў прызнаў, што гэтае злачынства мела прыкметы генацыду.

“Тое, што адбылося, нельга апраўдваць барацьбой за незалежную Польшчу. Наадварот, акцыі “Бурага” супраць жыхароў падляскіх вёсак, дапамагалі камуністычнаму апарату ўлады атрымаць прапагандысцкія аргумэнты пра бандытызм партызанскіх атрадаў” – гаворыцца ў выснове сьледзтва ІНП.

дг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт