Logo Polskiego Radia
Print

Крылатыя фразы з фільмаў Разанава ведае некалькі пакаленьняў

PR dla Zagranicy
Valery Sauko 30.11.2015 16:03
  • Разанаў.mp3
Ва ўзросьце 88 гадоў памёр славуты савецкі й расейскі рэжысёр Эльдар Разанаў.
www.youtube.com/planeta.ru

Сёньня стала вядома, што памёр славуты савецкі й расейскі рэжысёр Эльдар Разанаў. Яго фільмы былі, ёсьць і будуць папулярнымі, паколькі характарызуюцца тонкім гумарам, лірызмам і ўнівэрсалізмам.

Геніяльнаму кінамастаку было 88 гадоў. У адну з маскоўскіх бальніцаў рэжысёр трапіў 21 лістапада ў сур’ёзным стане. Прычынай сьмерці Разанава называецца сардэчная недастатковасьць.

Будучы народны артыст Савецкага Саюзу нарадзіўся ў лістападзе 1927 года ў Самары. У 1950 годзе закончыў славуты ВГИК. Вельмі хутка стаў папулярным дзякуючы фільму «Карнавальная ноч», які зьняў у 1956 годзе.

Эльдар Разанаў – аўтар дзясяткаў мастацкіх фільмаў. «Гусарская балада», «Дайце кнігу скаргаў», «Неймаверныя прыгоды італьянцаў у Расеі», «Іронія лёсу альбо зь лёгкай парай», «Гараж», «Службовы раман», «Сьцеражыся аўтамабіля» – гэта толькі некаторыя фільмы, якія зьняў Разанаў.

Эльдар Разанаў умеў ствараць «актораў»: менавіта дзякуючы яму маладыя артысты Людміла Гурчанка й Юрый Бялоў сталі вядомымі. У ліку любімых актораў Разавана – Лія Ахеджакава, Алег Басілашвілі, Валянцін Гафт.

Фільмы рэжысёра глядзяцца зь вялікім задавальненьнем і цяпер, а некаторыя крылатыя фразы зь кінастужак Разанава выкарыстоўваюцца надалей, кажа блёгер, пісьменьнік і грамадзкі дзеяч Яўген Ліпковіч.

У сваю чаргу тэатроляг і журналіст Вячаслаў Ракіцкі сказаў нам, што Эльдар Разанаў стаў папулярны дзякуючы таму, што савецкі глядач (і беларускі глядач як частка савецкага) быў пазбаўлены кантэксту сусьветнага кіно. Выбару асаблівага не было, і савецкі глядач як і кожны іншы выбіраў найлепшыя кінакарціны з даступнага рэпэртуару. І Разанаў быў, безумоўна, лепшым.

Вячаслаў Ракіцкі дадаў, што й сёньня людзі адчуваюць настальгію па тым часе, а таксама па зразумеламу, простаму, атмасфэрнаму кіно, таму й глядзяць гэтыя фільмы як настальгічныя кінастужкі – гэта з аднаго боку. А з другога, як простыя, лёгкія й неідэалягізаваныя карціны.

Разам са сьмерцю аднаго з найвялікшых рэжысёраў у гісторыі расейскага кіно завяршылася пэўная эпоха. Уклад Разавана ў культуру агромны, а яго фільмы разышліся на цытаты. Гэта таксама сьведчаньне вялікасьці кінатворцы – калі цытуюцца фразы з кінастужкі. А цытаты з фільмаў Эльдара Разавана ведае некалькі пакаленьняў.

Валеры Саўко

выказваньні Яўгена Ліпковіча й Вячаслава Ракіцкага - у далучаным гукавым файле

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт