Logo Polskiego Radia
Print

Ці Езус Хрыстус нарадзіўся 25 сьнежня?

PR dla Zagranicy
Alena Vialichka 25.12.2016 07:12
  • Ці Езус Хрыстус нарадзіўся 25 сьнежня.mp3
Ці выбраная дата Божага нараджэньня – гэта «пераняцьце» хрысьціянамі нейкага паганскага сьвята, як мяркуецца паўсюдна?
pixabay.com/CC0 Creative Commons

Разабрацца ў многіх аспэктах Божага нараджэньня нам дапаможа ксёндз-прафэсар Юзэф Наўмовіч, які нядаўна выдаў кнігу «Сапраўдныя пачаткі Божага нараджэньня», у якой разьвейвае многія міты, зьвязаныя з нараджэньнем Хрыста.

Ці Езус Хрыстус нарадзіўся 25 сьнежня?

Ю. Наўмовіч: Невядома, паколькі Эвангельле пра гэта ня піша. Аднак гэтую падзею сьвяткуюць 25 сьнежня з 4 стагодзьдзя. Гэтая дата была выбраная з увагі на яе астранамічную сымболіку. У старажытнасьці ў рымскім календары пераломным днём у годзе, калі дзень павялічваецца, а ноч становіцца даўжэйшай, зьяўляўся 25 сьнежань. З увагі на вялікую сымболіку гэтага дня, які сьведчыць пра перамогу сьвятла над цемрай, было вызначана нараджэньне Таго, пра каго заўсёды казалі як пра прыйсьце сьвятла. Выбар даты таксама вынікаў з цэлай лёгікі раскладу сьвятаў у той час. Вялікдзень таксама разьмешчаны ў адпаведным моманце каляндарнага году (вясна, поўня месяца). Таму другое сьвята – Божае нараджэньне – таксама трэба было разьмясьціць у адпаведным месцы. А гістарычную дату ніхто не шукаў.

Прафэсар Юзэф Наўмовіч тлумачыць, што ў хрысьціянстве не канкрэтная дата зьяўляецца самым галоўным. Значна больш важнай зьяўляецца сымболіка.
Паўсюдна мяркуецца, што сьвята Божага нараджэньня заняло месца паганскага сьвята, зьвязанага з культам сонца. Ксёндз Наўмовіч абвяргае гэтую тэзу.

Ю. Наўмовіч: Мне ўдалося высьветліць, што Божае нараджэньне ўпершыню сьвяткавалася ў Віфлееме ў 328 годзе – у месцы, дзе сапраўды нарадзіўся Езус і ў годзе, калі была пабудаваная Базіліка нараджэньня, пастаўленая над пячорай нараджэньня. Базіліка ўзьнікае для таго, каб ушанаваць Божае нараджэньне, а не для таго, каб замяніць нейкае паганскае сьвята. І адразу ўзьнікае першае сьвята ў Віфлееме. І гэта першая гістарычная праўда. Другі гістарычны факт – 25 сьнежня нягледзячы на паўсюднае перакананьне і стэрэатыпы ня быў днём народзін Мітры. Ніводная старажытная крыніца не называе гэтую дату. Не было ў гэты дзень вельмі распаўсюджанага культу сонца. Гэта было адно са шматлікіх рымскіх сьвятаў, але другаснага ці нават трэцяга значэньня. І калі б хрысьціяне хацелі хрысьціянізаваць якое-небудзь паганскае сьвята, то знайшлі б шмат іншых, больш важных сьвятаў.

Прафэсар Юзэф Наўмовіч спадзяецца, што яго праца выкліча дыскусію, а многія пераканаюцца ў тым, што Божае нараджэньне – гэта самастойнае сьвята. Сьвятар тлумачыць, што ў сваёй працы ён грунтаваўся не на перакананьнях ці на перадузятасьцях, а на аналізе гістарычных крыніц.

У аповедзе пра Божае нараджэньне ёсьць таксама шэраг іншых сымбалічных момантаў, якія не да канца адпавядаюць гісторыі. Гэта гісторыя пра магаў, трох каралёў, пастухоў, якія прыйшлі да ясьляў у стайню ці пячору. У розных крыніцах па-іншаму пішуць пра месца нараджэньне Хрыста.

Ю. Наумовіч: Эвангельлі няшмат гавораць пра акалічнасьці нараджэньня Божага сына. Яны не займаюцца тым, якім гэта быў дзень, як Пан Езус выглядаў, бо гэта не было важна. Эвангельле – гэта добрая навіна. Таму важным быў пасыл, значэньне пэўных падзей. У Эвангельлі няма тыпова гістарычнага апісаньня, хоць апісаныя асноўныя моманту: прыбыцьцё пастухоў, магаў, і ёсьць вельмі кароткі сказ: Марыя, калі нарадзіла Езуса, закруціла яго ў пялёнкі і палажыла ў ясьлі. Але калі ёсьць ясьлі (месца, дзе кладуць корм для жывёл), то магла быць і стайня. Але ў Палестыне часта стайня для жывёл была зробленая ў пячоры, таму гэта магла быць пячора. Дакладна не вядома, але з Пісаньня вядома, што Езуса паклалі ў ясьлях.

Як выглядалі першыя сьвяты Божага нараджэньня ў 328 годзе? У той час была першая вігілія, то бок папярэдні дзень падрыхтоўкі да сьвята – кажа ксёндз Наўмовіч.

Ю. Наўмовіч: Сьвяты пачыналіся дзень раней на полі пастухоў, дзе было рэлігійнае сьвяткаваньне. Пасьля з поля вернікі ў працэсіі ішлі да пячоры нараджэньня (каля 1 км). У бызіліцы сыходзілі на ніз, у пячору нараджэньня, дзе маліліся, а пасьля ў самой бызіліцы адбывалася цэланочная малітва. Зраніцы была Імша, пасьля якой усе разыходзіліся па дамах. Але зьвярніце ўвагу – ужо тады былі пачаткі нашай Вігіліі, нашай Пастэркі.

Ксёндз Юзэф Наумовіч адзначае, што ў сьвяце Божага нараджэньня асноўную ролю адыгрывае не гістарычная дата, а значэньне падзеі.

ав

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт