Logo Polskiego Radia
Print

Летува не перастае змагацца супраць будовы Астравецкай АЭС

PR dla Zagranicy
Alena Vialichka 17.02.2017 16:17
  • Летува не перастае змагаецца супраць будовы Астравецкай АЭС.mp3
Грамадзкія актывісты і экалягічныя арганізацыі ў Беларусі не ў стане нічога зрабіць – прызнаюць чальцы антыядзернай кампаніі.
Ілюстрацыйны здымакІлюстрацыйны здымакpixabay.com/Public Domain CC0

Міністэрства замежных спраў Летувы апублікавала на сваім афіцыйным сайце дзесяць прычын, па якіх летувіскі бок ня лічыць збудаваньне Беларускай АЭС бясьпечным.

Першай прычынай называецца той факт, што аб усіх інцыдэнтах, якія адбыліся на будпляцоўцы БелАЭС, «станавілася вядома праз некалькі тыдняў пасьля здарэньня» і «ад неафіцыйных крыніц», а беларускія ўлады «стараліся ўсе адмаўляць».

Летувіскі бок таксама сьцьвярджае, што ў выпадку аварыі на АЭС пад Астраўцом у зоне радыяцыйнай небясьпекі апынуцца сталіцы 16 дзяржаў: Бэрлін, Браціслава, Будапэшт, Варшава, Вена, Вільнюс, Кіеў, Кішынёў, Капэнгаген, Менск, Масква, Прага, Рыга, Стакгольм, Талін і Хэльсынкі.

На думку Летувы, Беларусь абрала будпляцоўку АЭС без ацэнкі яе прыдатнасьці, а крытэрыі выбару – «таямніца». Адзначаецца, што «не былі вывучаны альтэрнатыўныя пляцоўкі для будаўніцтва« і не праведзена »працэдура ацэнкі ўзьдзеяньня АЭС». Крытыцы падвяргаецца таксама станоўчая ацэнка сэйсьмічных умоў у месцы будаўніцтва АЭС, заснаваная, на думку летувіскага боку, «на ілжывых дадзеных», паколькі «ў мінулым у раёне Астраўца адбыўся землятрус сілай 5-7 балаў па шкале Рыхтэра».

Пра гэты факт яшчэ некалькі гадоў таму гаварыў антыядзерны актывіст Мікалай Уласевіч. Пра гэта пісалі ў савецкіх падручніках па гісторыі.

М. Уласевіч: Гудагайскі землятрус адбыўся ў 1908 годзе. АЭС будуецца на растрэсканым блюдцы. Гэта акраіна ўсходнеэўрапейскай плятформы, аснова тут вельмі слабая. Гэта адназначна ўстаноўлены факт, што землятрус быў, сілаю 6-7 балаў, падчас якога адбываецца разлом зямной кары. Яшчэ ў 1993 годзе адмысловая камісія разглядала 30 пляцовак. Там было пяць вельмі небясьпечных пляцовак, а астравецкая была самай небясьпечнай зь іх. Аднак улада выбрала самую неадпаведную пляцоўку для АЭС. Чаму? На маю думку, тут адназначна палітычнае рашэньне, вялікі ваенны інтарэс. Гэтая будова зьяўляецца злачынствам супраць Беларусі і яе народу.

У матэрыяле МЗС Летувы гаворыцца, што БелАЭС здольная вытрымаць падзеньне толькі лёгкага самалёта вагай да пяці тон, але не цяжкага пасажырскага самалёта вагай 200 і больш тон. Падзеньне цяжкага самалёта, як адзначаецца, «стане прычынай аварыі сёмага ўзроўню, найвышэйшага па міжнароднай шкале ядзерных падзей». У гісторыі інцыдэнтаў такога ўзроўню было толькі два – катастрофа на Чарнобыльскай АЭС і аварыя на японскай АЭС «Фукусіма-1».

Летува зьвяртае ўвагу на тое, што крыніцай астуджэньня для БелАЭС будзе Нярыс (Вілія). Гэтая рака «фармуе асноўную частку басэйна Нёмана, які ахоплівае 72% усіх вод Летувы», таму ў выпадку сурʼёзнага здарэньня на атамнай станцыі «будзе забруджана 95% пітной вады, якую выкарыстоўвае траціна летувіскага насельніцтва».

Летувіскі бок адзначае, што місія МАГАТЭ па аглядзе пляцоўкі і канструкцый атамных абʼектаў з улікам зьнешніх пагроз (SEED) павінна была адбыцца яшчэ «да канчатковага выбару будпляцоўкі». У той жа час місія SEED, якую Беларусь прыняла ў пачатку 2017 года, ацэньвала БелАЭС толькі па двух з шасьці модуляў, астатнія чатыры модуля Беларусь «адмаўляецца завяршыць».

У матэрыяле таксама гаворыцца, што ў 2011 годзе Беларусь афіцыйна апавясьціла Эўракамісію пра намер правесьці стрэс-тэсты АЭС, але «гэта абавязацельства так і засталося пустым абяцаньнем».

Нацыянальны орган па ядзернай бясьпецы Беларусі, на думку Летувы, «палітычна слабы ў пляне вырашэньня тэхнічных пытаньняў, ня мае вопыту, кампэтэнцыі ў сваёй вобласьці і не кантралюе праект АЭС».

Апошнім аргумэнтам на карысьць небясьпечнасьці Астравецкай АЭС стала тое, што беларускія ўлады, на думку Летувы, «не жадаюць супрацоўнічаць» па ўсіх гэтых пытаньнях.

Мікалай Уласевіч канстатуе факт, што на сёньняшні момант усе крокі супраць будовы АЭС робіць Летува.

М. Уласевіч: Тое, што мы маглі зрабіць, мы зрабілі і сёньня робім некаторыя справы, падпісваем заявы, але на ражон ня лезем. Трэба прызнаць, што на ніякія масавыя мерапрыемствы мы не ідзем. Усё тлумачыцца вельмі проста. Будоўля зайшла ўжо вельмі далёка. Акрамя таго на разнастайныя дзеяньні патрэбныя рэсурсы, якіх мы ніколі ня мелі і ня маем. Уся сёньняшняя барацьба супраць АЭС належыць Летуве.

Першая пастаўка ядзернага паліва на БелАЭС чакаецца ў канцы 2018 года. Увод у эксплёатацыю першага энэргаблёка атамнай электрастанцыі заплянаваны на 2019 год, другога – на 2020-й.

ав/БелаПАН

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт