Logo Polskiego Radia
Print

Экзотыка, экалёгія й турызм (ФОТА)

PR dla Zagranicy
Valery Sauko 21.04.2012 19:30
  • Коста-Рыка.mp3
Як наладзіць турызм вакол звычайнай мурашовай хаткі?

У лацінамэрыканскай Коста-Рыцы навукоўцы налічваюць блізу 70% усіх казурак, мятлушак і жывёлак плянэты Зямля. Усё жывое тут актыўна множыцца дзякуючы зручнаму трапічнаму клімату.
А вось для турбізнэсу выкарыстоўваецца ня так і шмат жыўнасьці. Вандруючы па кантоне Сан-Карлас я трапіў на экалягічную экскурсію
ў адзін з прыродных музэяў. Разам са мной шмат амэрыканцаў, канадцаў, ёсьць французы, немцы.
І што вы думаеце, кастарыканцы прапанавалі пазнаёміцца з мурашамі, якіх і ў Беларусі поўна.
Каця Радрыгез, якая праводзіць экскурсію, запэўнівае, што ахвотных паглядзець на мурашовую хатку – штодня процьма.

/

Прама над мурашамі вешаюць сцяблінкі зь лісьцем. Казуркі нясуць лісьце да сваёй каралевы, якая ў параўнаньні зь іншымі выглядае па-сапраўднаму гіганцкай.

/



Каця Радрыгез: Яна тут – як маці ў вялікім доме. Гэта амапона – від кветак. Мурашы любяць іх спажываць. Таксама яны любяць апэльсінавае дрэва. Яны любяць лісьце з гэтых дрэваў. І кожныя паўтары дні мы мяняем расьліны, каб яны маглі сілкавацца сьвежым.

/



Адну з частак мурашовага дому зьмясьцілі як бы пад шклом, каб турыст пабачыў, як выглядае аб’ект знутры.

/



Падобнага я ніколі ня бачыў у Беларусі. А там жа таксама ёсьць свае мурашовыя хаткі, і чаму б не прыдумаць такое трукацтва для турыстаў?

Прашоўшы далей, Каця знаёміць мяне ўжо з экзатычнымі жывёламі (якіх у Беларусі няма) – вялізнымі кракадзіламі. Трапічныя Гены ляніва грэюцца на гразі за агароджай. Цікаўлюся ў Каці Радрыгез, ці бывалі ў іхным музэі інцыдэнты, каб каракадзілы некага зьелі?

Каця Радрыгез: Не-не-не, канешне, не. Яны жывуць у нас каля 20 гадоў. У нас жыве чатыры кракадзілы. Адзін зь іх – адносна малы. Мы тлумачым людзям, што нельга ісьці ва ўнутр і рабіць фотаздымкі. Мы тлумачым, што іх магчыма бачыць зьблізу, але не асабліва блізка.
Кожны месяц спэцыяльны чалавек прыяжджае сюды й дае кракадзілам ежу. Вельмі шмат ежы. Раз на месяц. А потым ім патрабуецца ежа прыкладна праз 28 дзён.

фота:
фота: А.Парошын/Беларуская служба



Прайшоўшы яшчэ трошкі па экалягічным музэі, натрапяюся на маленькага кракадзільчыка даўжынёй, можа, у мэтр.

Каця Радрыгез: Гэта не дзіцёнак. Ён зь сямейства кракадзілаў, але правільна называецца кайман. Яны ядуць звычайна два разы на месяц. Раз на 15 дзён ці раз на месяц. Залежыць ад колькасьці ежы, якую яны спажываюць.

Натуральна, алігатараў у Беларусь не зацягнеш, але чаму б не зрабіць грошы, яшчэ больш разьдзьмуўшы культ зубра ці, напрыклад, мілай жывёлкі бабра дзе-небудзь пад Бабруйскам?

Просты прыклад з далёкай Коста-Рыкі паказвае, што для таго, каб абудзіць цікавасьць турыстаў, дастаткова часам проста ўключыць галаву.

Аляксандр Парошын,
спэцыяльна для Беларускай службы Польскага радыё,
Сан-Карлас, Коста-Рыка

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт