Logo Polskiego Radia
Print

Азёрны Себескі край

migracja
Administrator Administrator 23.01.2009 13:49
  • sebez.mp3
Колькасьць насельніцтва Себескага раёну ў 2008 годзе складала 25,3 тыс. чалавек.

Азёрны Себескі край

Колькасьць насельніцтва Себескага раёну ў 2008 годзе складала 25,3 тыс. чалавек. У самім мястэчку жыве 6,5 тыс. чалавек. Я думаю, што той, хто хоць раз быў на Кургане „Дружбы”, які месьціцца на мяжы трох краінаў – Расеі, Латвіі ды Беларусі, ужо пасьпеў пазнаёміцца з асаблівасьцямі ваколіцаў гэтага ўнікальнага прыроднага рэгіёну. Курган быў насыпаны чальцамі партызанскага руху, як памяць аб Другой усясьветнай вайне. Штогод на гэтым месцы адбываюцца мерапрыемствы.

Але мы ня будзем сёньня распавядаць пра Другую ўсясьветную вайну, бо манумэнтаў, прысьвечаных таму часу, па ўсёй Пскоўшчыне багата. Вернемся да сёньняшняга Себежа. Чым ён асабіста мяне ўразіў. Найперш гарадзкой забудовай вакол касьцёла, ліхтарамі на ўзьбярэжжы, мураванай архітэктурай ды пагоркавым рэльефам, які з узроўню вады надае гораду казачную атмасфэру.

Непаўторная прырода Себескага раёну была заўважаная пскоўскімі ўладамі, і ў 1996 годзе на яго тэрыторыі быў створаны нацыянальны парк „Себескі”. Плошча парку складвае 50 тыс. гектараў, зь якіх 31 тыс. пакрывае лес, а 7 тыс. вада. На тэрыторыі парку знаходзіцца 86 азёраў! Унікальнасьці гэтаму месцу дадае разьмяшчэньне азёраў, бо яны знаходзяцца настолькі блізка адно аднаго, што злучаныя толькі кароценькімі праточкамі, і з вышыні птушынага палёту гэта выглядае як гронка вінаграду.

Самымі вялікімі лічацца азёры Нечарыца ды Себескае, дастаткова вялікімі можна назваць азўры Воран ды Асінае. Ёсьць гіпотэза, што праз гэтыя праточкі ды азёры ішоў адзін з магчымых маршрутаў шляху з варагаў у грэкі. Дарэчы, мясцовыя краязнаўцы кажуць, што без праблемаў можна прайсьці гэтым шляхам і цяпер.

Наконт знакамітасьцяў і цікавінак, зьвязных з горадам, афіцыйная старонка гораду паведамляе, што савецкі рэжысэр Эйзэнштэйн прадставіў Сталіну плян пабудовы ў ваколіцах гораду кінастудыі ня горшай за Галівуд, але плян быў адкінуты, паколькі ў Сталіна былі іншыя ідэі.

Пэрыяд XVІ – XVІІІ стагодзьдзяў быў часам безупынных войнаў паміж Вялікім Княствам Літоўскім ды Масковіяй (Вялікім Княствам Маскоўскім). Гэта вельмі цікавы час зь гістарычнага пункту гледжаньня, бо засталося мноства гістарычных дакумэнтаў, прысьвечаных хаця б усталяваньню межаў. Няраз ствараліся спэцыяльныя ліцьвінска-маскоўскія двухбаковыя камісіі.

І хоць вайсковыя сутычкі не спыняліся, знаходзіўся час на канструктыўныя дзеяньні. Так, 20 сакавіка 1625 году ў час хісткага перамір’я каралём Жыгімонтам закладаецца драўляны каталіцкі касьцёл на месцы былога жаночага манастыру, пасьля чаго ў 1649 годзе Еранім Радзівіл будуе на месцы спаленай драўлянай сьвятыні мураваны будынак. У 1654 годзе Себеж пераходзіць ізноў да Масковіі. Дасьледчыкі паведамляюць, што, магчыма, у той час сьвятыня выкарыстоўвалася як праваслаўная царква, пра што можа сьведчыць шэраг дробных пераробак. У 1673 Себеж ізноў вяртаецца да Вялікага Княства Літоўскага, у якім знаходзіцца да 1772 году, да першага падзелу Рэчы Паспалітай.

У 1917 годзе касьцёл зачыняецца. Далейшая гісторыя – гэта сумная гісторыя нішчэньня храму: зьнікае дах, частка ганку, усё драўлянае нутро й гэтак далей. Пазьней у 60 гадах мінулага стагодзьдзя там адчыняецца інтэрнат. Аднак самае галоўнае, што ў адрозьненьне ад Невеля ды Вяліжа, дзе не захаваўся ніводзін з касьцёляў, Себежу сапраўды пашчасьціла, бо, нягледзячы на зьнішчаны стан, удалося выратаваць будынак і ў 90-м годзе ў будынку касьцёлу адчынілася праваслаўная царква Сьвятой Тройцы, якая дзейнічае й па сёньняшні дзень.

Вартым наведаньня зьяўляецца таксама будынак рэдакцыі раённай газэты "Призыв" па вуліцы Савецкай – зь вельмі характэрнымі сьценамі, зробленымі зь мясцовых ледавіковых валуноў, зьвенчаных па кутах цаглянай кладкай.

Яшчэ адным пазытавам зьяўляецца забудова навокал касьцёла, якая складаецца з прыгожых драўляных дамоў. Яны, як грыбы, абляпляюць пагорак былога касьцёлу, у будынку якога цяпер месьціцца праваслаўная царква. Гэткае скапленьне выглядае, асабліва ў імглістае надвор’е, проста ідэальна.

Вельмі цікавыя назіраньні зафіксавалі дасьледчыкі падчас фальклёрных экспэдыцыяў з 2000 году. У гэтым дасьледаваньні адзначаецца, што, дзякуючы адсутнасьці хрысьціянскай сьвятыні больш чым 70 гадоў, мясцовыя людзі да 90-х гадоў мінулага стагодзьдзя былі вымушаныя самі вызначаць час і спосаб сьвяткаваньня рэлігійных сьвятаў. Дасьледчыкамі адзначаецца таксама моцны беларускі ўплыў, які праяўляецца ў асаблівасьцях ладзіць падчас сьвятаў гэтак званыя “брыксы” – гаманкія народныя гуляньні, у якіх бярэ ўдзел і “стар і молад”.

Вось на Каляды ў ваколіцах Себежу гатавалі сваю традыцыйную страву – кішкі. А раніцою па вёсцы хадзілі не калядоўшчыкі, а “хрыстаслаўцы”, якія ў адрозьненьне ад калядоўшчыкаў за сьпеў нічога не патрабавалі ўзамен, яны проста жадалі дабрабыту гаспадарам у новым годзе. Калядоўшчыкі ж зьяўляліся ўвечары, іх твары былі наўмысна запэцканыя сажай, яны апраналі старую вопратку й сьпявалі пад вокнамі ды чакалі пачастунку ад гаспадароў.

Перад паездкай рэкамэндую наведаць старонкі:
Себескага Краязнаўчага музэю: http://www.siebiez-museum.narod.ru/
Афіцыйную старонку горада Себежа http://www.sebezh.ru/
Нацыянальнага парку „Себескі” http://www.seb-park.org.ru/

Да Себежа можна даехаць рэйсавым аўтобусам Наваполацк – Санкт-Пецярбург" альбо Менск – Пскоў. Затрымацца можна ў муніцыпальным гатэлі "Себеж" ці прыватным гатэлі "Прыбалтыйскі". Калі вы аматары чыстай прыроды й праехалі наведаць Нацыянальны парк “Себескі”, то раю затрымаццы ў адным з гасьцявых дамоў на тэрыторыі парку “Мідзіно”,“Рудня”, “Дом рыбака”.

Дарэчы, Себеж, як і папярэднія гарады, пра якія мы распавядалі – Вяліж і Невель, у сваім гарадзкім гербе захаваў Пагоню.

Падрыхтаваў Уладзімер Міхневіч


tags:
Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт