Logo Polskiego Radia
Print

Беларускія школьнікі ў Бэльгіі

PR dla Zagranicy
Elvira Sienkiewicz 09.12.2013 12:54
Група беларускіх школьнікаў — пераможцаў конкурсу "Што я ведаю пра Эўропу?" наведала Бэльгію.


Пяцёра школьнікаў з Навагрудка, пераможцаў 10-га Нацыянальнага конкурсу школьных каманд "Што я ведаю пра Эўропу?", 6—9 сьнежня наведалі Бэльгію.

Сёлета конкурс адзначае 10-гадовы юбілей, яго тэма гучала так: "Эўрапейскія і беларускія юбілеі і памятныя даты 2013: людзі, падзеі, арганізацыі".

Партнэры конкурсу мяняюцца. Сёлета імі сталі амбасада Летувіскай Рэспублікі ў Беларусі, Асацыяцыя па міжнародных пытаньнях (Чэхія), міжнародны кансорцыюм "ЭўраБеларусь", Офіс за дэмакратычную Беларусь" (Бэльгія), асьветніцкая ўстанова "Офіс эўрапейскай экспэртызы і камунікацый", прадстаўніцтва ЭЗ у Беларусі, Беларускае шуманаўскае таварыства (Польшча), грамадзянская кампанія "Гавары праўду!" і Эўрапейскі гуманітарны ўніверсітэт (ЕГУ).

Візыт каманды-пераможцы ў Бэльгію быў арганізаваны ў межах праекту "Беларусь — ЭЗ" "Офісам за дэмакратычную Беларусь" пры падтрымцы Швэдзкага міжнароднага агенцтва па разьвіцьці супрацоўніцтва (SIDA).

"Асноўныя задачы конкурсу — паглыбленьне ведаў па гісторыі Беларусі і Эўропы ў нашых школьнікаў, усьведамленьне імі багатай гісторыі і культуры сваёй краіны, спасьціжэньне гісторыі іншых эўрапейскіх дзяржаў, распаўсюджваньне ведаў пра тое, што такое Эўропа сёньня", — зазначыла спэцыяліст па праграмнай дзейнасьці "Офісу за дэмакратычную Беларусь" Алена Ліс.

Удзельнікі конкурсу спачатку праходзяць адборачны тур у інтэрнэце, фінальны этап спаборніцтваў традыцыйна праводзіцца ў Вільні.

Куратар Валянціна Быстрык, якая прыехала ў Бэльгію разам са сваімі падапечнымі, ужо восем гадоў рыхтуе каманды да ўдзелу ў конкурсе ведаў пра Эўропу. Падрыхтоўка вядзецца на базе наваградзкага клюбу "Беларускае кола". "Пасьля таго, як летась нашая каманда саступіла берасьцейскай усяго два балы, мы ўвесь год сур'ёзна рыхтаваліся — і вось вынік", — зазначыла яна.
эб/ БелаПАН

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт