Logo Polskiego Radia
Print

Выстава срэбных вырабаў зь Нясьвіжа

PR dla Zagranicy
Alena Vialichka 05.06.2015 16:00
Нясьвіскі музэй-запаведнік прадставіць на выставе ў Гомелі калекцыю з амаль 200 срэбных вырабаў.

Выстава "Срэбра са збору Нясьвіскага музэя-запаведніка" адкрыецца сёньня ў гомельскім Палацы Румянцавых і Паскевічаў.

У экспазыцыю, якую прадставіць Нацыянальны гісторыка-культурны музэй-запаведнік "Нясьвіж", увайшло 198 прадметаў, аснову якіх складаюць вырабы, прызначаныя для сэрвіроўкі стала. "Гэта самыя разнастайныя срэбныя графіны, фужэры, вазачкі, чаркі, сальніцы й іншыя прадметы", - адзначыла загадчыца мастацкага аддзела музэя Гомельскага палацава-паркавага ансамбля Тацьцяна Літвінава.

Гэта частка амаль паўтысячнай калекцыі вырабаў з каштоўных мэталаў, якія захоўваюцца ў фондах музэя-запаведніка. Выставу дапаўняюць аналягічныя прадметы збораў Гомельскага палацава-паркавага ансамбля й вядомага гомельскага антыквара Сяргея Пуціліна.

У XIII стагодзьдзі срэбра пачалі актыўна выкарыстоўваць для вытворчасьці посуду. Гэтаму спрыялі яго фізычныя і хімічныя ўласьцівасьці: коўкасьць, плястычнасьць, водбліск і сьветлы колер, бактэрыцыдныя якасьці. Вырабы ўпрыгожваліся эмальлю, пляценьнем. У тыя часы срэбны посуд меў вялікую значнасьць, станавіўся прадметам раскошы, сьвяточнай сэрвіроўкі й годным падарункам. Няма сумневу ў тым, што срэбным посудам і прадметамі для сэрвіроўкі стала карысталіся ў свой час і ўладальнікі Нясьвіскага замка.

Наведаць выставу "Срэбра са збору Нясьвіскага музэя-запаведніка" можна да 23 жніўня 2015 года.

Белта/ав

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт