Logo Polskiego Radia
Print

Сьвята людзей з абмежаванымі магчымасьцямі пройдзе ў Менску

PR dla Zagranicy
Elvira Sienkiewicz 07.09.2015 17:45
Фэстываль творчасьці людзей з абмежаванымі магчымасьцямі пройдзе ў Менску 13 верасьня.

Фэстываль творчасьці людзей з абмежаванымі магчымасьцямі пройдзе ў Менску 13 верасьня, паведамілі ў камітэце па працы, занятасьці і сацыяльнай абароне Менгарвыканкаму.

Пяты гарадзкі фэстываль творчасьці людзей з абмежаванымі магчымасьцямі "Мастацтва жыць, тварыць мастацтва" адбудзецца падчас сьвяткаваньня Дня гораду. Журы ацэніць канкурсантаў у некалькіх намінацыях, у тым ліку "Вакал", "Харэаграфія", "Мастацкае, выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва". Дарэчы, выставу мастацкай творчасьці людзей з абмежаванымі магчымасьцямі, дзе свае працы прадставяць удзельнікі фэсту, можна будзе ўбачыць з 8 па 20 верасьня ў бібліятэцы-філіяле нумар 7 імя Я.Коласа.

Узнагароджаньне пераможцаў творчага мерапрыемства адбудзецца 13 верасьня а 16.00 у канцэртнай зале "Верхні горад". Удзельнікам, якія занялі першае, другое і трэцяе месцы, уручаць дыплёмы ляўрэатаў і каштоўныя падарункі.

Галоўная мэта фэстывалю - стымуляваньне разьвіцьця мастацкай творчасьці людзей з абмежаванымі магчымасьцямі, стварэньне комлекснай сыстэмы сацыякультурнай рэабілітацыі інвалідаў, папулярызацыя пазытыўнага іміджу інвалідаў і іх актыўная інтэграцыя ў грамадзтва.

Арганізатарамі мерапрыемства выступаюць камітэт па працы, занятасьці і сацыяльнай абароне Менгарвыканкаму, галоўнае ўпраўленьне ідэалягічнай працы, культуры і па справах моладзі Менгарвыканкаму, грамадзкія аб'яднаньні "Беларускае таварыства інвалідаў", "Беларускае таварыства глухіх", "Беларуская асацыяцыя дапамогі дзецям-інвалідам і маладым інвалідам", "Беларускае таварыства інвалідаў па зроку".

эб/belta.by

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт