Logo Polskiego Radia
Print

У Менску хутка ня будзе куды саджаць дрэвы

PR dla Zagranicy
Alena Vialichka 22.12.2015 08:04
Экспэрт: ушчыльненьне Менска вядзецца настолькі агрэсіўна, што хутка ня будзе куды саджаць дрэвы.
Здымак мае ілюстрацыйны характар.Здымак мае ілюстрацыйны характар.Photo: pixabay.com/CC0 Public Domain

Зялёныя насаджэньні – самае неабароненае ў сталічным горадабудаўніцтве, лічыць юрыст, спэцыяліст у галіне экалягічнага права Рыгор Фёдараў. Такое меркаваньне ён выказаў 21 сьнежня на прэс-канфэрэнцыі па выніках грамадзкай экалягічнай экспэртызы праекта генпляна сталіцы, праведзенай таварыствам «Зялёная сетка» сумесна з ГА «Экадом», паведамляе БелаПАН.

«Калі ў нас мікрараён пабудаваны, то ён ужо стаіць – і ўсё. А калі ёсьць нейкі парк, то яго тэрыторыю могуць у чарговую карэктуру генпляна паменшыць, забудаваць ці ўвогуле сказаць, што гэта ня парк, як гэта было з паркам 40-годзьдзя Кастрычніка», – сказаў ён.

Як адзначыў юрыст, цяпер у Беларусі не дасягнуты ўсталяваны раней нарматыў у 21 мэтар зялёных насаджэньняў на чалавека, і, паводле яго слоў, гарадзкія ўлады прызнаюць, што яго дасягнуць немагчыма, таму прапануюць скараціць нарматыў да 17 мэтраў. «Зразумела, што калі весьці ўшчыльняльную забудову настолькі агрэсіўна, то ня будзе дзе саджаць новыя дрэвы, і захоўваць паркі таксама праблематычна», – лічыць Фёдараў.

Спэцыяліст таксама адзначыў, што ўжо цяпер у Менску назіраецца настолькі высокая шчыльнасьць забудовы, што ў гарадзкой мяжы практычна не засталося «больш-менш некранутых тэрыторый», у адрозьненьні ад сталіц суседніх краін.

Некаторыя прыродаахоўныя тэрыторыі, па словах экспэрта, у горадзе даўно плянуецца стварыць, але пры гэтым улады ня робяць ніякіх дзеяньняў.

naviny.by/ав


Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт