Logo Polskiego Radia
Print

Аўстрыя гатовая скарыстацца зьняцьцем зь Беларусі санкцыяў

PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna 25.05.2016 14:30
У цяперашні час Аўстрыя зьяўляецца восьмым паводле значнасьці інвэстарам у Беларусі.
pixabay.com/

У Вене прайшоў эканамічны форум „Стымуляваньне інвэстыцыяў Эўрапейскага Зьвязу ў Беларусь”. Форум быў арганізаваны пры садзейнічаньні Фэдэральнай гаспадарчай палаты Аўстрыі сумесна з Асацыяцыяй гандлёва-прамысловых палат Эўропы.

Адкрываючы форум, прэзыдэнт Фэдэральнай гаспадарчай палаты Аўстрыі Крыстаф Ляйтль падкрэсьліў, што адмена санкцыяў ЭЗ у дачыненьні да Беларусі зробіць унёсак у стабілізацыю эканомікі краіны й будзе спрыяць яе росту.

Крыстаф Ляйтль адзначыў важнасьць транскантынэнтальнага супрацоўніцтва й заявіў, што двухбаковыя эканамічныя адносіны паміж Аўстрыяй і Беларусьсю таксама стануць у будучыні больш інтэнсіўнымі. У цяперашні час Аўстрыя зьяўляецца восьмым паводле значнасьці інвэстарам у Беларусі.

Ёганэс Ган, камісар ЭЗ па пытаньнях палітыкі суседзтва й пашырэньня, ва ўступнай прамове зьвярнуў увагу на патэнцыял і шматлікія магчымасьці, якія дае эканоміка Беларусі, і абяцаў падтрымку з боку Эўрапейскага Зьвязу. Паводле спадара Гана, пасьля адмены санкцыяў гэты форум можа стаць стартам для супрацоўніцтва, якое будзе садзейнічаць далейшым крокам па стварэньні сувязяў Беларусі з Эўрапейскім Зьвязам.

Беларускую дэлегацыю на форуме ўзначальваў першы намесьнік прэм’ер-міністра Рэспублікі Беларусі Васіль Мацюшэўскі.

boerse-social.com/svaboda.org/аз

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт