Logo Polskiego Radia
Print

У склад выбарчых камісій увайшлі 217 прадстаўнікоў палітычных партый

PR dla Zagranicy
Alena Vialichka 29.06.2016 13:22
Ярмошына: Пры фарміраваньні камісій галоўным крытэрыем была не апазыцыйнасьць прэтэндэнта, а яго якасьці.
Photo: pixabay.com/CC0 Public Domain

У склад тэрытарыяльных выбарчых камісій для працы на парлямэнцкіх выбарах увайшло 22 прадстаўнікі палітычных партый, у склад акруговых – 195, паведаміла старшыня Цэнтрвыбаркама Лідзія Ярмошына 29 чэрвеня на прэс-канфэрэнцыі ў Менску.

Створаныя сем тэрытарыяльных (абласныя й Менская гарадзкая) і 110 акруговых выбарчых камісій. У акруговыя камісіі было вылучана 2014 чалавек, увайшло ў склад 1430 (па 13 чалавек у камісіі). У склад тэрытарыяльных камісій вылучана 144 чалавекі, у кожную з камісій таксама ўвайшло па 13 чалавек.

У складзе акруговых камісій 17% дзяржслужачых, 5% грамадзян да 30 гадоў, 57,2% жанчын. 970 чалавек, уключаных у акруговыя камісіі, гэта прадстаўнікі грамадзкіх абʼяднаньняў, зь іх 195 – члены палітычных партый.

Сярод партый найбольшае прадстаўніцтва ў складах акруговых камісій у Камуністычнай партыі Беларусі (КПБ) – 77 чалавек і Рэспубліканскай партыі працы й справядлівасьці (РППС) – 42. У склад акруговых камісій таксама ўвайшлі па 10 прадстаўнікоў Лібэральна-дэмакратычнай партыі (ЛДП) і Партыі БНФ, чатыры прадстаўнікі Рэспубліканскай партыі. 95 чалавек у камісіях будуць прадстаўляць грамадзкае абʼяднаньне «Беларускі саюз жанчын», 225 – Фэдэрацыю прафсаюзаў Беларусі, 108 – «Белую Русь».

У складзе тэрытарыяльных выбарчых камісій 4,4% чалавек зьяўляюцца грамадзянамі да 30 гадоў, 38,5% – жанчыны. Ад грамадзкіх арганізацый у тэрытарыяльныя камісіі ўключана 69 чалавек, у тым ліку 22 – ад палітычных партый. Прадстаўнікі КПБ увайшлі ва ўсе тэрытарыяльныя камісіі, па пяць чалавек уключана ад ЛДП і РППС.

«Пастанова ЦВК аб публічным і даступным фармаваньні выбарчых камісій была выкананая ў поўным абʼёме», – падкрэсьліла Ярмошына. Яна адзначыла, што пры фарміраваньні камісій галоўным крытэрыем была не апазыцыйнасьць прэтэндэнта, а яго маральныя й справавыя якасьці.

БелаПАН/nn.by/ав

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт