Logo Polskiego Radia
Print

Менгарсуд адмяніў штраф Анатолю Шумчанку

PR dla Zagranicy
Alena Vialichka 29.06.2016 14:37
Лідар прадпрымальніцкага аб’яднаньня абскардзіў штраф у 30 базавых велічынь (6,3 млн. рублёў), прызначаны яму 24 траўня.
Анатоль ШумчанкаАнатоль Шумчанкафота: facebook.com

Менскі гарадзкі суд адмяніў штраф старшыні РГА «Пэрспэктыва» Анатолю Шумчанку за ўдзел у акцыі на Дзень Волі й накіраваў справу на разгляд іншым судзьдзёй у раённы суд. Такое рашэньне 28 чэрвеня прыняў судзьдзя Валеры Камісараў, паведаміў БелаПАН Шумчанка.

Лідар прадпрымальніцкага аб’яднаньня абскардзіў штраф у 30 базавых велічынь (6,3 млн. рублёў), прызначаны яму 24 траўня судом Савецкага раёна Менска за ўдзел у акцыі 25 сакавіка. Паводле слоў Шумчанкі, рашэньне адмененае з-за працэсуальных парушэньняў, у прыватнасьці прызнанае парушэньне яго права на абарону, бо па пошце позва ў суд была атрыманая 25 траўня, а пасяджэньне адбылося днём раней. Акрамя таго, Шумчанка не атрымаў копію пратакола аб адміністрацыйным правапарушэньні. «Я нічога не парушаў, прыйшоў на месца збору санкцыянаванага мерапрыемства. Убачылі знаёмы твар, вырашылі скласьці пратакол – іншага тлумачэньня ў мяне няма», – адзначыў ён.

Нагадаем, 17 траўня Менгарсуд таксама адмяніў рашэньне суда Савецкага раёна сталіцы, які прызнаў намесьніка старшыні Партыі БНФ Рыгора Кастусёва вінаватым ва ўдзеле ў несанкцыянаваным мітынгу 25 сакавіка з нагоды Дня Волі. Яго адміністрацыйная справа будзе перагледжаная.

Радыё "Рацыя"/ав

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт