Logo Polskiego Radia
Print

Удзельнікі акцыі салідарнасьці з Э. Пальчысам пойдуць пад суд

PR dla Zagranicy
Alena Vialichka 29.06.2016 15:44
Адміністрацыйныя справы будуць разгледжаны судом Маскоўскага раёна Менска 30 чэрвеня.
pixabay.com/Public Domain CC0


Суд Маскоўскага раёна Менска 30 чэрвеня разгледзіць адміністрацыйныя справы ўдзельнікаў акцыі салідарнасьці з Эдуардам Пальчысам. 9 чэрвеня на заклік Паўла Севярынца сямёра актывістаў правялі ў Менску акцыю салідарнасьці з заснавальнікам сайту 1863х Эдуардам Пальчысам ("Джонам Сільвэрам"), які зараз утрымліваецца ў сьледчым ізалятары ў СІЗА-1.

Сустаршыню БХД Паўла Севярынца вінавацяць у арганізацыі несанкцыянаванай акцыі. Адміністрацыйная справа заведзеная паводле часткі 3 арт.23.34 КаАП. Пачатак суду ў 9.30.

Дакладна ў гэты час пачнецца суд і над актывістам АГП Дзянісам Краўчуком. У дачыненьні яго быў складзены пратакол аб правапарушэньні па ч.1 арт. 23.34 КаАП (парушэньне парадку арганізацыі або правядзеньня масавых мерапрыемстваў).
У 15.30 суд пачне разгляд адміністрацыйнай справы актывіста “Эўрапейскай Беларусі” Максіма Вінярскага.

У гэты ж дзень у Маскоўскім судзе чакаюць на разгляд справы рэжысэра Вольгу Нікалайчык. Яна пакуль ня вызначылася, ці варта ёй ісьці на суд і дарэмна губляць свой час.

Актывіста АГП Антося Жылко пасьпелі асудзіць у панядзелак, 27 чэрвеня, і пакараць штрафам у памеры 50 базавых велічынь.

Рэдактар сайта www.1863x.com Эдуард Пальчыс быў затрыманы на тэрыторыі Расейскай Фэдэрацыі і 26 траўня экстрадзіраваны ў Беларусь. Ён абвінавачваецца паводле ч. 1 арт. 130 (“Распальваньне расавай, нацыянальнай ці рэлігійнай варожасьці або розьні”) і ч. 2 арт. 343 (“Распаўсюджваньне парнаграфічных матэрыялаў”) Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь.

Вясна/ав

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт