Logo Polskiego Radia
Print

Суд пакінуў у сіле рашэньне аб дыскваліфікацыі беларускіх спартоўцаў

PR dla Zagranicy
Alaksandar Papko 23.07.2016 09:21
Мужчынскай каманда па веславаньні на байдарках і каноэ не прыме ўдзелу ў Алімпіядзе ды іншых спаборніцтвах на працягу году.
pixabay.com

Міжнародны спартыўны арбітражны суд у Лазане пакінуў у сіле рашэньне Міжнароднай фэдэрацыі каноэ аб дыскваліфікацыі на год мужчынскай зборнай Беларусі – перадае інфармагенцтва БелаПАН.

Міжнародная фэдэрацыя каноэ заявіла, што ўжо пераразьмеркавала квоты для алімпійцаў, і калі вярнуць іх беларускім атлетам, то гэта «нанясе шкоду іншым нацыянальным фэдэрацыям па веславаньні на байдарках і каноэ».

Міністар спорту й турызму Беларусі Аляксандр Шамко абураны такім рашэньнем фэдэрацыі, паведамляе дзяржаўнае інфармагенцтва БЕЛТА.

«Для дыскваліфікацыі мужчынскай каманды па веславаньні на байдарках і каноэ няма ніякіх падставаў. Няма абгрунтаваных прэтэнзій ні з боку Сусьветнага антыдопінгавага агенцтва, ні з боку судовых ворганаў Францыі. Я перакананы ў праваце і чысьціні нашых атлетаў, якія заслужылі права выступіць на летніх Гульнях», – заявіў Шамко.

16 ліпеня Міжнародная фэдэрацыя каноэ прыняла рашэньне на год адхіліць ад спаборніцтваў мужчынскую зборную Беларусі, уключаючы трэнэраў, мэдыцынскі і абслугоўваючы пэрсанал. Падставай для дыскваліфікацыі сталі забароненыя прэпараты, знойдзеныя францускай паліцыяй падчас вобшуку, праведзенага 12 красавіка ў разьмяшчэньні каманды, якая прыехала ў горад Тампль-сюр-Ло на вучэбна-трэніровачны збор.

ап/БелаПАН/БЕЛТА

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт