Logo Polskiego Radia
Print

Беларусь гатовая дапамагаць КНР прасоўваць інтарэсы ў Эўропе

PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna 29.09.2016 13:19
Дзяржаўны візыт Аляксандра Лукашэнкі ў Кітай будзе доўжыцца да 30 верасьня.
PAP/EPA/ROLEX DELA PENA

Кітай можа разьлічваць на спрыяньне Беларусі ў пытаньні прасоўваньня сваіх інтарэсаў у Эўропе, заявіў Аляксандaр Лукашэнка 29 верасьня ў Пэкіне на сустрэчы са старшынём Пастаяннага камітэта Ўсекітайскага сходу народных прадстаўнікоў Чжан Дэцьзянам.

Лукашэнка падкрэсьліў, што Беларусь і Кітай дасягнулі самага высокага ўзроўню супрацоўніцтва, паведамляе прэс-служба кіраўніка беларускай дзяржавы. Ён канстатаваў адсутнасьць якіх-небудзь праблем у палітычным супрацоўніцтве, а таксама наяўнасьць добрых адносін як на ўзроўні лідараў дзьвюх краін, так і асобных міністэрстваў і ведамстваў.

„Мы гэтыя адносіны выбудоўвалі доўга, па цаглінцы й прыйшлі да ўзаемнага даверу, — сказаў Лукашэнка. — Мы гэта цэнім у Беларусі, і вы павінны быць упэўненыя, што ў цэнтры Эўропы вы маеце пляцоўку для прасоўваньня сваіх інтарэсаў. Вы можаце на нас разьлічваць. Мы будзем рабіць усё, каб вашыя інтарэсы былі прадстаўленыя на Эўрапейскім кантынэнце”.

„Кітайскі бок разглядае вас у якасьці блізкага сябра, і мы гатовыя прыкладаць дадатковыя намаганьні па разьвіцьці двухбаковага супрацоўніцтва”, — сказаў у сваю чаргу Чжан Дэцьзян.

Дзяржаўны візыт Аляксандра Лукашэнкі будзе доўжыцца да 30 верасьня.
Праграмай візыту заплянаваныя перамовы Лукашэнкі са старшынём КНР Сі Цьзіньпінам. Па іх выніках чакаецца падпісаньне каля 30 міжнародных дакумэнтаў аб разьвіцьці супрацоўніцтва ў палітычнай, эканамічнай і сацыяльнай сфэрах.

belapan.com/аз

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт