Logo Polskiego Radia
Print

Дарожную карту па паляпшэньні інвэстклімату распрацуюць у Беларусі

PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna 29.09.2016 13:41
НАІП: дакумэнт можа выкарыстоўвацца ўрадам для карэкціроўкі эканамічнай палітыкі
pixabay.com/Public Domain CC0

У Беларусі будзе падрыхтавана дарожная карта па паляпшэньні інвэстыцыйнага клімату. Аб гэтым паведаміла журналістам дырэктар Нацыянальнага агенцтва інвэстыцый і прыватызацыі Натальля Нікандрава.

У дарожную карту будуць уключаны прапановы, прадстаўленыя ў тым ліку на форуме „Пашыраючы гарызонты: інвэстыцыі, фінансы, разьвіцьцё”, які праходзіць у Менску.

„Гэты дакумэнт можа выкарыстоўвацца ўрадам для карэкціроўкі эканамічнай палітыкі па шэрагу напрамкаў”, - растлумачыла Натальля Нікандрава. Чакаецца, што ў дарожнай карце будуць прадстаўлены прапановы прыватнага бізнэсу, замежных інвэстараў па стварэньні дадатковых спрыяльных умоў для прыцягненьня й асваеньня інвэстыцый, а таксама па пераадоленьні існуючых бар'ераў у інвэстыцыйнай дзейнасьці.

„Канчаткова гэты дакумэнт будзе падрыхтаваны пасьля завяршэньня форуму”, - дадала дырэктар Нацыянальнага агенцтва інвэстыцый і прыватызацыі.

Форум „Пашыраючы гарызонты: інвэстыцыі, фінансы, разьвіцьцё” праходзіць у Менску 29-30 верасьня. Экспэрты абмяркоўваюць стратэгіі прыцягненьня замежных інвэстыцый у Беларусь, пэрспэктывы інвэстыцыйнага супрацоўніцтва зь фінансавымі інстытутамі ЭЗ, Эўразійскага эканамічнага саюза й Кітая, а таксама магчымасьці для прыцягненьня да ўдзелу ў рэалізацыі праектаў амэрыканскіх інвэстараў і іншыя актуальныя пытаньні.

Плянуецца выпрацаваць дарожную карту, якая задасьць асноўныя напрамкі ўзгодненых дзеяньняў па паляпшэньні інстытуцыянальнага асяродзьдзя для пашырэньня магчымасьцей па прыцягненьні інвэстыцый і фінансаваньня, што пасадзейнічае разьвіцьцю дзяржаўнага й прыватнага сэктара беларускай эканомікі.

belta.by/аз

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт