Logo Polskiego Radia
Print

У Дзяржмузэя гісторыі беллітаратуры паявілася крэсла В. Быкава

PR dla Zagranicy
Alena Vialichka 30.11.2016 08:01
Крэсла, якое ляжала ў дрывотні, знаходзіцца ў музэі ў адрэстаўраваным выглядзе.
photo: bellitmuseum.by

У фонды Дзяржаўнага музэя гісторыі беларускай літаратуры трапіла венскае крэсла, якое належала Васілю Быкаву, народнаму пісьменьніку Беларусі.

Гісторыя гэтага прадмета пачынаецца з Віцебская краю. Крэсла знаходзілася ў панскай сядзібе, у вёсцы Бычкі, дзе пасьля рэвалюцыі была адкрыта школа. На ім сядзеў настаўнік. У бычкоўскай школе некалькі клясаў адвучыўся Васіль Быкаў. З цягам часу школу закрылі й Васіль пайшоў вучыцца ў Белякоўскую сярэднюю школу, затым у Кубліцкую СШ, якую скончыў у 1939 годзе (8 клясаў). Панская сядзіба ў хуткім часе запусьцела й мясцовыя жыхары пачалі яе разьбіраць.

Васіль з сястрой Валянцінай таксама пайшлі ў сядзібу й прынесьлі адтуль крэсла, каб ніхто не западозрыў, што дзеці скралі крэсла са школы, Васіль выразаў з абодвух бакоў на сьпінцы крэсла ініцыялы бацькі «Б.В.Х.» (Быкаў Уладзімір Хведаравіч). На сёньняшні дзень захаваўся толькі адзін надпіс на асабовым баку.
У 2004 годзе хата бацькоў Быкава была зруйнаваная й і на яе месцы пабудавана «Сядзіба-музэй Васіля Быкава» – філіял Установы культуры «Ўшацкі музэй народнай славы імя Ўладзіміра Елісеевіча Лабанка».

Да разбору хаты бацькоў Быкава крэсла знаходзілася ў жонкі брата (Мікалая Уладзіміравіча) Быкава Антаніны Аляксандраўны, ляжала ў дрывотні. У 2014 годзе Глеб Лабадзенка й Сяргей Шапран заўважылі крэсла, але яно было пашкоджана: зламана ножка, сьпінка, адсутнічала сядзеньне, патрабавалася рэстаўрацыя. У канцы 2014 года яна была праведзена майстрам Яўгенам Зарубайкам.

Сёньня, дзякуючы намаганьням супрацоўнікаў установы «Дзяржаўны музэй гісторыі беларускай літаратуры» крэсла было перавезена з Віцебшчыны (радзімы пісьменьніка) у Менск. На дадзены момант яно захоўваецца ў фондах музэя. Экспанаваць крэсла плянуецца ва ўстанове «Дзяржаўны музэй гісторыі беларускай літаратуры» або ў яго філіяле «Музэй-дача Васіля Быкава» а. г. Ждановічы, але прыярытэтным застаецца радзіма пісьменьніка в. Бычкі «Сядзіба-музэй Васіля Быкава» філіял Установы культуры «Ўшацкі музэй народнай славы імя Ўладзіміра Елісеевіча Лабанка».

bellitmuseum.by/ав

tags:
Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт