Logo Polskiego Radia
Print

Amnesty International: Апошні беларускі сьмяротнік у небясьпецы

PR dla Zagranicy
Alena Vialichka 07.12.2016 13:24
«Сяргей Вострыкаў можа быць расстраляны ў любы момант».
pixabay.com/Creative Commons Public Domain CC0

Пасьля таго, як 5 лістапада ўлады Беларусі расстралялі трох сьмяротнікаў, Сяргей Вострыкаў застаецца апошнім вядомым асуджаным да сьмяротнага пакараньня, які чакае выкананьня свайго прысуду.

«У Беларусі не прадугледжана паведамленьне пра час або дату расстрэлу. Сваякам Івана Куляша, Сяргея Хмялеўскага й Генадзя Якавіцкага паведамілі пра прывядзеньне іх прысудаў у выкананьне толькі ў апошнія некалькі дзён, г.зн. праз некалькі тыдняў пасьля таго, як расстрэлы фактычна адбыліся. У адпаведнасьці з беларускім заканадаўствам, іх целы ня будуць вернутыя для пахаваньня, а месца пахаваньня застанецца таямніцай. Сяргей Вострыкаў можа быць расстраляны ў любы момант», – падкрэсьлівае міжнародная праваабарончая арганізацыя.

Amnesty International просіць неадкладна напісаць лісты на беларускай, рускай або сваёй роднай мове:

-заклікаючы прэзыдэнта Лукашэнку спыніць расстрэл Сяргея Вострыкава й неадкладна замяніць яго сьмяротны прысуд іншым пакараньнем;

-заклікаючы прэзыдэнта Лукашэнку ўвесьці неадкладны мараторый на прывядзеньне сьмяротных прысудаў у выкананьне з мэтай поўнай адмены пакараньня сьмерцю;

-зьвяртаючы ўвагу на той факт, што дасьледаваньні паказваюць, што сьмяротнае пакараньне не стрымлівае злачынствы ў большай ступені, чым іншыя віды пазбаўленьня волі, і зьяўляецца найвышэйшай формай адмаўленьня правоў чалавека.

Беларусь зьяўляецца адзінай краінай у Эўропе й Цэнтральнай Азіі, якая працягвае ўжываць сьмяротнае пакараньне. Amnesty International выступае супраць сьмяротнага пакараньня ва ўсіх выпадках без выключэньня. Яно парушае права на жыцьцё, абвешчанае ва Ўсеагульнай дэклярацыі правоў чалавека. Яно зьяўляецца незваротным, жорсткім, бесчалавечным і прыніжальным для годнасьці пакараньнем.

33-гадовы Сяргей Вострыкаў быў прысуджаны да сьмерці 19 траўня пасьля таго, як быў прызнаны вінаватым у двух асобных выпадках згвалтаваньня й забойства. 4 кастрычніка Вярхоўны суд Беларусі пакінуў сьмяротны прысуд у сіле.

Вясна/ав

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт