Logo Polskiego Radia
Print

Экспарт нафтапрадуктаў скараціўся на 15%

PR dla Zagranicy
Alena Vialichka 07.12.2016 16:34
Экспарт нафтапрадуктаў за 10 месяцаў гэтага года на 38% меншы за аналягічны леташні паказчык.
pixabay.com/Public Domain CC0

Абʼём экспарту беларускіх нафтапрадуктаў працягвае зьмяншацца. Паводле даных афіцыйнай статыстыкі, у студзені–кастрычніку гэтага года экспарт нафтапрадуктаў склаў у фізычным выражэньні 11,6 млн тон, скараціўшыся на 15% у параўнаньні з такім жа пэрыядам мінулага.

У вартасным выражэньні экспарт нафтапрадуктаў за 10 месяцаў гэтага года склаў 3,5 млрд даляраў, што на 38% менш за аналягічны леташні паказчык.

У гэтым годзе Беларусь павялічыла пастаўкі нафтапрадуктаў у Польшчу (экспарт у фізычным выражэньні вырас у 5,1 разу), Нідэрлянды (у 2,2 разу) і Ўкраіну (амаль у 1,5 разу). У той жа час у Расею ў студзені–кастрычніку было пастаўлена каля 259 тыс. тон нафтапрадуктаў, што ў тры разы менш у параўнаньні з такім жа леташнім пэрыядам.

Скарачэньне паставак нафтапрадуктаў у РФ беларускія чыноўнікі тлумачылі тым, што такі экспарт нявыгадны для Беларусі па цэнавых меркаваньнях. У сваю чаргу Расея, спасылаючыся на невыкананьне Беларусьсю абавязацельстваў па пастаўках нафтапрадуктаў і запазычанасьць за газ, рэзка скараціла ў другой палове гэтага года пастаўкі нафты на Мазырскі й Наваполацкі НПЗ.

У трэцім квартале 2016 года Расея паставіла ў Беларусь толькі 3,5 млн тон нафты супраць 5,8 млн тон у першым квартале й 5,7 млн – у другім.

У кастрычніку прадстаўнікі беларускага ўрада заяўлялі пра гатоўнасьць Беларусі пагасіць запазычанасьць за расейскі газ у адказ на аднаўленьне паставак расейскай нафты ў ранейшых абʼёмах. Аднак нафтагазавая спрэчка паміж Масквой і Менскам не ўрэгуляваная да гэтага часу. Расея працягвае пастаўляць нафту на беларускія НПЗ у абмежаваным абʼёме, што прывяло да скарачэньня экспарту нафтапрадуктаў у параўнаньні з 2015 годам.

Паводле ацэнак экспэртаў, скарачэньне паставак расейскай нафты аказвае прамы ўплыў на паказчыкі беларускай эканомікі. Міжнародны валютны фонд чакае, што ВУП Беларусі па выніках 2016 года скароціцца на 3%. Міністэрства эканомікі Беларусі таксама прагназуе зьніжэньне ВУП на 2,5-3%, тлумачачы гэта скарачэньнем абʼёму перапрацоўкі нафты.

БелаПАН/ав

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт