Logo Polskiego Radia
Print

У Менску прыпынена будаўніцтва комплексу "Газпром-цэнтр"

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 11.01.2017 14:33
Прычынай прыпыненьня стала, верагодна, скарачэньне фінансаваньня праекту «Газпромам» з-за газавай спрэчкі.
commons.wikimedia.org

Будаўніцтва комплексу «Газпром-цэнтр» закансэрваванае з 22 сьнежня мінулага году. Пра гэта паведаміў намесьнік старшыні камітэта будаўніцтва і інвэстыцый Мінгарвыканкама Мікалай Бутрым.

Паводле яго слоў, дакумэнт аб кансэрвацыі абʼекта падпісаў генэральны дырэктар ААТ «Газпром трансгаз Беларусь» Уладзімір Маёраў.

Работы па будаўніцтве шматфункцыянальнага комплексу практычна не вядуцца з канца жніўня. Паводле неафіцыйнай інфармацыі, асноўнай прычынай прыпыненьня стала скарачэньне фінансаваньня праекту з боку ААТ «Газпром» з-за газавай спрэчкі паміж Беларусьсю і Расеяй. «Яны (расейцы) спрабавалі нам неафіцыйна намякнуць, што грошы, якія мы павінны плаціць Расеі за газ, гэта і ёсьць тыя грошы, за якія будуецца гэты абʼект. І калі мы перастаём плаціць, то аўтаматам перастае фінансавацца гэтая будоўля», – растлумачыла БелаПАН у сьнежні інфармаваная крыніца.

Сёньня гэтую інфармацыю пацьвердзіла іншая кампэтэнтная крыніца. Паводле яе слоў, будаўніцтва комплексу будзе адноўленае пасьля таго, як Беларусь разьлічыцца з Расеяй па даўгах за газ, якія перавышаюць 400 млн даляраў. Іншай прычынай кансэрвацыі будаўніцтва «Газпром-цэнтра» называліся тэхнічныя праблемы.
Кампанія «Газпром трансгаз Беларусь» сытуацыі не камэнтуе.

Наша Ніва/нг



Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт