Logo Polskiego Radia
Print

Рымашэўскі спадзяецца на ўдзел лідараў БНК у маршы 15 сакавіка

PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna 19.02.2017 16:11
„Марш недармаедаў” арганізоўваюць БПЛ „Справядлівы сьвет”, АГП, рух „За Свабоду”, БСДП(Грамада), БХД іг.д.
Мітынгоўцы са сьцягамі Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі (БХД)Мітынгоўцы са сьцягамі Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі (БХД)bchd.info

Сустаршыня аргкамітэта па стварэньні партыі „Беларуская хрысьціянская дэмакратыя” (БХД) Віталь Рымашэўскі спадзяецца на ўдзел лідараў Беларускага нацыянальнага кангрэса (БНК) у заплянаваным на 15 сакавіка „Маршы недармаедаў”, паведамляе прэс-служба БХД.

„Пасьля абвяшчэньня падрыхтоўкі „Маршу недармаедаў” 15 сакавіка Мікалай Статкевіч і Ўладзімір Някляеў (гэтыя палітыкі разам з Яўгенам Афнагелем узначальваюць БНК. — БелаПАН.) абвясьцілі сваю акцыю 17 лютага, — адзначыў Рымашэўскі. — Нягледзячы на тое што гэта дзьве розныя акцыі і ў іх розныя арганізатары, у іх адна мэта. Сёньня ня важна, хто арганізатар. Важна выказваць салідарнасьць, калі мы хочам дасягнуць мэты. Толькі разам мы пераможам”.

Лідар хрысьціянскіх дэмакратаў 17 лютага ўдзельнічаў у арганізаваным БНК ў Менску „Маршы абураных беларусаў” — акцыі пратэсту супраць дэкрэта № 3 „Аб папярэджаньні сацыяльнага ўтрыманства” (так званы дэкрэт аб дармаедзтве), на якую выйшлі прыкладна тры тысячы чалавек са сталіцы й рэгіёнаў. Паводле слоў Рымашэўскага, сярод дэманстрантаў ён убачыў „шмат новых людзей”, якія „прыехалі выказаць сваё абурэньне й падзяліцца сваёй бядой” і ў цэлым „пакінулі вельмі добрае ўражаньне”.

„Марш недармаедаў” 15 сакавіка ў Менску арганізуюць Беларуская партыя левых „Справядлівы сьвет”, Аб'яднаная грамадзянская партыя, рух „За Свабоду”, Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада), Беларуская партыя „Зялёныя”, аргкамітэты па стварэньні БХД, Партыі працоўных і партыі „Надзея”, а таксама грамадзянская кампанія „Наш дом”. Прадстаўнікі гэтых сіл 30 студзеня падалі ў Менгарвыканкам заяўку на правядзеньне вулічнага мерапрыемства.

Арганізатары акцыі просяць дазволіць шэсьце ад будынка Нацыянальнай акадэміі навук да плошчы Бангалор. Марш плянуецца правесьці пад лёзунгамі адмовы ад выплаты збору згодна з дэкрэтам „аб дармаедзтве”. Дэкрэт абавязвае грамадзян Беларусі, замежных грамадзян і асоб без грамадзянства, якія пастаянна жывуць на тэрыторыі краіны й не ўдзельнічалі ў фінансаваньні дзяржаўных расходаў або ўдзельнічалі ў такім фінансаваньні менш як 183 каляндарныя дні ў мінулым годзе, выплачваць збор у 20 базавых велічынь (зараз гэта 460 рублёў).

belapan.com/аз

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт