Logo Polskiego Radia
Print

Супраць „дэкрэту аб дармаедах” пратэставалі па ўсёй Беларусі

PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna 19.02.2017 12:42
У Магілёве пратэставаць прыйшло каля 500 чалавек, у Гомелі – некалькі тысяч на дзьвюх плошчах адначасова.
Удзел у акцыі прыняў таксама старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька.Удзел у акцыі прыняў таксама старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька.Photo: svaboda.org

У Магілёве адбылася акцыя пратэсту супраць Дэкрэту № 3 — так званага „дэкрэту аб дармаедах”. Магілёўскія ўлады адмовілі апазыцыі ў правядзеньні 19 лютага „Маршу недармаедаў”, таму мясцовыя актывісты заклікалі а 12-й гадзіне проста гуляць па пешаходнай Ленінскай вуліцы. Але фактычна прагулка набыла форму мітынгу. Сярод удзельнікаў акцыі былі як актывісты апазыцыі, так і звычайныя грамадзяне, якім прыйшлі так званыя „лісты шчасьця”.

Удзел у акцыі прыняў таксама старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька — ён заклікаў грамадзян працягваць пратэставаць і прыняць удзел у менскай акцыі супраць дэкрэту № 3, заплянаванай на 15 сакавіка. Агулам у акцыі ўдзельнічала каля 500 чалавек.

У сваю чаргу некалькі тысяч чалавек выйшлі на забароненую ўладамі акцыю супраць „дэкрэту аб дармаедах” у Гомелі. Па розных падліках на плошчы Леніна знаходзілася ад адной да трох тысяч чалавек. Таксама многія людзі працягвалі сьцягвацца да плошчы Вызваленьня. Яны ня ведалі, што акцыя перамясьцілася на плошчу Леніна.

У Горадні некалькі дзясяткаў чалавек прайшлі зь бел-чырвона-белымі сьцягамі па цэнтральнай вуліцы, пратэстуючы супраць дэкрэту № 3. Акцыя гарадзенцаў была несанкцыянаванай. На мінулым тыдні арганізатары атрымалі забарону гарвыканкаму на яе правядзеньне. Адзін з арганізатараў акцыі спрабаваў занесьці лісты з подпісамі супраць дэкрэту № 3 у аблвыканкам. Аднак дзьверы будынку былі зачыненыя. Арганізатары акцыі abviaścili, што калі дэкрэт ня будзе адменены, то 15 сакавіка заклікаюць усіх прыйсьці на чарговую акцыю, просяць запрашаць сяброў і знаёмых.

У сваю чаргу віцебскія „дармаеды” вырашылі зьбірацца штонядзелі. На заклік у сацыяльных сетках на плошчы Перамогі ў Віцебску сабраліся каля сотні незадаволеных дэкрэтам Н3.

На акцыю супраць Дэкрэту № 3 у Берасьці прыйшлі ня больш за сто чалавек. Мерапрыемства працягвалася каля гадзіны. Удзельнікі пратэсту выйшлі на плошчу Леніна каля будынку абласнога выканаўчага камітэту без плякатаў і сьцягоў.
Апазыцыя не рыхтавала правядзеньне акцыі.

svaboda.org/аз

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт