Logo Polskiego Radia
Print

Мэдсёстры, урачы й праграмісты – самыя запатрабаваныя ў Менску

PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna 20.03.2017 17:36
У студзені—лютым 2017 году ў службы занятасьці Менска зьвярнулася 9.233 чалавекі.
Photo: pixabay.com/CC0 Public Domain

Упраўленьне занятасьці камітэта па працы, занятасьці й сацыяльнай абароне Менгарвыканкама апублікавала абноўлены сьпіс найбольш запатрабаваных на сталічным рынку працы спэцыялістаў.

На 1 сакавіка 2017 году такімі спэцыялістамі былі: мэдсёстры (687 заяўленых вакансій), урачы-спэцыялісты (460), інжынеры-праграмісты (354), спэцыялісты розных кваліфікацый (306), прадаўцы (208), вадзіцелі аўтамабіля (181), мантажнікі будаўнічых канструкцый (179), прадаўцы й кухары (па 176), інжынеры (157), арматуршчыкі (155), дырэктары (149), прыбіральшчыкі памяшканьняў (133), бэтоншчыкі (127), інспэктары (126), выхавальнікі (123), спэцыялісты па суправаджэньні праграмнага забесьпячэньня (121), кантралёры-касіры (111), фельчары-лябаранты (110).

У студзені—лютым 2017 году па садзейнічаньне ў працаўладкаваньні ў службы занятасьці Менска зьвярнулася 9.233 чалавекі, зь іх 8.387 беспрацоўных.

На канец другога месяца гэтага году ў Менску 4.399 беспрацоўных мелі права на атрыманьне дапамогі, сярэдні памер якой склаў больш за 23 рублі. Узровень афіцыйнага беспрацоўя на канец лютага, як і на канец студзеня 2017 году, склаў 0,5% колькасьці эканамічна актыўнага насельніцтва Менска.

Колькасьць заяўленых вакансій на прадпрыемствах гораду на 1 сакавіка 2017 года склала 8.935, у тым ліку для рабочых — 3.786.

belapan.com/аз


Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт