Logo Polskiego Radia
Print

Менгарвыканкам адмяніў сустрэчу з заяўнікамі акцыі 25 сакавіка

PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna 20.03.2017 16:11
Рашэньне давядуць да іх іншым спосабам, які вызначаны законам.
Foto: Kasia_Jot/flickr.com

Як паведаміў Свабодзе заяўнік акцыі ад Партыі БНФ Зьміцер Касьпяровіч, 20 сакавіка пасьля абеду яму паведамілі праз тэлефон, што прызначаная на сёньня сустрэча заяўнікаў з гарадзкімі ўладамі адмененая. Рашэньне пра дазвол ці забарону акцыі 25 сакавіка давядуць да заяўнікаў іншым спосабам. Верагодна, поштай.

„Калі яны сёньня адправяць рашэньне па пошце, то яно ня прыйдзе сёньня ж, а толькі празь дзень ці два. Я лічу, улады разглядаюць розныя сцэнары, рашэньне пакуль не прынятае”, — сказаў Касьпяровіч.

Кіраўнік аргкамітэту па сьвяткаваньні 25 сакавіка, старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч назваў максымальнае зацягваньне з агучваньнем рашэньня правакацыяй з боку ўладаў.

Сёньняшнюю (адмененую) сустрэчу ў Менгарвыканкаме, дзе гарадзкія ўлады павінны былі агучыць рашэньне наконт акцыі 25 сакавіка, заяўнікам прызначылі на мінулым тыдні — 17 сакавіка.

Сёньня на 15 гадзін былі запрошаныя ў Менгарвыканкам і заяўнікі іншай акцыі на 25 сакавіка — актывісты КХП БНФ, яны замаўлялі акцыю ў Кіеўскім сквэры. Зь імі таксама адмовіліся гаварыць і сказалі, што яны атрымаюць адказ пазьней ва ўстаноўленым законам парадку, паведаміў адзін зь лідэраў партыі Юрась Беленькі.

svaboda.org/аз

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт