Logo Polskiego Radia
Print

У Беларусі растуць прарасейскія настроі

PR dla Zagranicy
Alaksandar Papko 27.05.2017 12:41
Падтрымка Расеі за за 3 гады вырасла з 54% да 69%.
thekievtimes.ua

Большасьць беларусаў лічыць, што Беларусь павінна быць незалежнай дзяржавай. Але ў выбары паміж інтэграцыяй у Эўразьвяз і саюзам з Расеяй аддаюць перавагу апошняй – перадае інфармагенцтва БелаПАН. Пра высокія прарасейскія настроі сьведчаць вынікі апытаньня, праведзенага Беларускай аналітычнай майстэрняй у сакавіку-красавіку гэтага года.

На пытаньне «У якім саюзе дзяржаваў было б лепш жыць народу Беларусі: у Эўрапейскім зьвязе або ў саюзе з Расеяй?» 41,7% адказалі «хутчэй у саюзе з Расеяй», 22,8% – «безумоўна, у саюзе з Расеяй». Адказ «хутчэй у Эўрапейскім зьвязе» далі 9,9% апытаных, «безумоўна, у Эўрапейскім зьвязе» – 4,2%. Не змаглі адказаць 19,5% рэспандэнтаў, 1,9% – адмовіліся ад адказу.

Прарасейскія настроі ў Беларусі растуць з той пары, як у Беларусі пачаўся эканамічны крызыс, а Расея разьвязала вайну ва Ўкраіне і ўмяшалася ў канфлікт у Сірыі. Напрыканцы 2013 году пра свае праэўрапейскія погляды заяўлялі 28% беларусаў, напрыканцы 2016 году – 18%, на пачатку 2017 году – ужо толькі 14%. Падтрымка Расеі за гэты час вырасла з 54% да 69%.

Пры гэтым 65,5% апытаных лічаць, што Беларусь павінна быць незалежнай дзяржавай. За тое, каб Беларусь і Расія пабудавалі саюзную дзяржаву з адзінай валютай, прэзыдэнтам і парлямэнтам, выказаліся 12,1%. Аднак за тое, каб Беларусь увайшла ў склад Расеі выступаюць толькі 10,2% грамадзянаў.

Naviny.by/ап

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт