Logo Polskiego Radia
Print

Беларускія хірургі выратавалі пацыента пасьля цяжкага атручваньня грыбамі

PR dla Zagranicy
Jolanta Śmiałowska 21.08.2017 16:36
Экстранная перасадка печані была праведзена 31-гадоваму жыхару Старобіна, які атруціўся бледнай паганкай.
commons.wikimedia.org/Jerzy Opioła - Praca własna, CC BY-SA 4.0

Беларускія хірургі пасьпяхова выканалі трансплянтацыю печані пасьля найцяжэйшага атручваньня грыбамі, паведаміў БЕЛТА кіраўнік Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтра трансплянтацыі органаў і тканак Алег Румо.

Экстранная перасадка печані была праведзена 31-гадоваму жыхару Старобіна Салігорскага раёна, бацьку двух дзяцей, які атруціўся бледнай паганкай. Апэрацыю выконваў Алег Румо. Донарская печань была знойдзеная і перасаджана менш чым за суткі.

Па словах пацыента Сяргея, ён разам з жонкай зьбіраў грыбы не ўпершыню і ўмеў адрозьніваць іх. У той дзень высакародных грыбоў у лесе не знайшлі, затое пабачылі паляну сыраежак. Разам з імі выпадкова прыхапілі бледную паганку.

Дома грыбы прыгатавалі і зʼелі а восьмай вечара. Сярод ночы муж і жонка прачнуліся ад ванітаў і дыярэі.

Пацыентаў шпіталізавалі ў раённую бальніцу Салігорска. Адтуль перавялі ў таксікалагічнае аддзяленьне Гарадзкой клінічнай бальніцы хуткай мэддапамогі Менска.

Мэдык, ацаніўшы шанцы мужчыны на выздараўленьне, канстатаваў, што адзіны спосаб выратаваць яго жыцьцё – выканаць трансплянтацыю печані.

nn.by/БелТА/яс

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт