Logo Polskiego Radia
Print

Тамару Шчапёткіну судзяць за супрацу з Беларускім Радыё Рацыя

PR dla Zagranicy
Alena Vialichka 14.11.2017 12:02
Жанчына ўзяла камэнтар у Вольгі Сышчаніцы, даяркі з Кобрына, на якую падаў у суд юрыст-консульт Анатоль Джыга за абразу.
Здымак мае ілюстрацыйны характар.Здымак мае ілюстрацыйны характар.photo: pixabay.com/Creative Commons Public Domain CC0

Журналістка-фрылансерка Тамара Шчапёткіна з Бярозы была выклікана ў суд Бярозаўскага раёна на раніцу 14 лістапада ў якасьці асобы, у адносінах да якой вядзецца адміністрацыйны працэс. Яе вінавацяць па ч. 2 арт. 22.9 КаАП за нібыта “незаконны выраб і распаўсюд прадукцыі СМІ”: за тое, што жанчына ўзяла камэнтар у Вольгі Сышчаніцы, даяркі з Кобрына, на якую падаў у суд юрыст-консульт Анатоль Джыга за абразу.

Справу разглядае судзьдзя Алена Нямкова. У судзе Тамара Шчапёткіна прадставіла сваю пазыцыю датычна таго, што кіруючыся нацыянальным і міжнародным заканадаўствам, яе працу нельга разглядаць як выраб і распаўсюд прадукцыі СМІ, бо кожны чалавек мае права шукаць, атрымліваць і распаўсюджваць інфармацыю незалежна ад межаў краіны.

“Мяне каторы раз прыцягваюць да адміністрацыйнай адказнасьці за працу на замежнае СМІ без акрэдытацыі. У прыватнасьці, на Беларускае Радыё Рацыя. Абвінавачваюць у парушэньні артыкула 22.9 частка 2 «Незаконны выраб і распаўсюд прадукцыі СМІ», але журналіст прадукцыі СМІ не вырабляе і не распаўсюджвае. Гэтым займаецца рэдакцыя. Толькі рэдакцыя можа дапусьціць парушэньні вырабу прадукцыі СМІ, а ніяк не журналіст”, – пракамэнтавала напярэдадні судовага працэсу Тамара Шчапёткіна для Беларускага Радыё Рацыя.

Аднак, судзьдзя палічыла неабходным выклікаць у суд у якасьці сьведкі актывіста з Кобрына Алеся Меха, які ў пратаколе аб адміністрацыйным правапарушэньні ўжо пазначаў, што нічога ня памятае і ня можа сказаць па справе, а таксама Вольгу Сышчаніцу, у якой Тамара Шчапёткіна брала камэнтар. Працяг разгляду справы перанесены на 11 раніцы 15 лістапада.

Праваабаронца з Баранавічаў Сяргей Гоўша, які прыехаў падтрымаць Тамару Шчапёткіну, распавёў, што сутыкнуўся са шматлікімі парушэньнямі ў судзе. Так, пры ўваходзе ў яго ня проста папрасілі паказаць пашпарт, але і перапісалі дадзеныя і патрабавалі назваць імя судзьдзі, на працэс да якой праваабаронца сабраўся патрапіць. Пасьля паседжаньня Сяргею Гоўшу разам з Тамарай Шчапёткінай амаль да выхаду суправаджаў дзяжурны па будынку суда, што абурыла праваабаронцу. Калі ён зьбіраўся патрапіць на другі паверх будунку, каб пакінуць запіс у кнізе скаргаў і прапаноў, гэты самы дзяжурны не пускаў яго, кажучы, што прыёмныя гадзіны старшыні суда скончыліся. Аднак, Сяргей Гоўша ўсё ж змог пакінуць свае заўвагі ў кнізе скаргаў.

Вясна/ав

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт