Logo Polskiego Radia
Print

Улады Менску не дазваляюць увекавечыць БНР

PR dla Zagranicy
Viktar Korbut 26.05.2018 12:43
Гарвыканкам з сакавіка не дае пісьмовай згоды на просьбу Саюзу мастакоў устанавіць на вул. Валадарскага, 9 памятную дошку.
Менск. Вул. Валадарскага, 9 (справа) -- дом, дзе 25 сакавіка 1918 г. была абвешчана незалежнасьць БНРМенск. Вул. Валадарскага, 9 (справа) -- дом, дзе 25 сакавіка 1918 г. была абвешчана незалежнасьць БНРФота: Дзьмітрый Ласько

Яшчэ месяц таму мастацкі савет пры Менскім гарвыканкаме зацьвердзіў выгляд памятнай дошкі, якую зьбіраліся ўстанавіць на будынку на вуліцы Валадарскага, 9, дзе 25 сакавіка 1918 году была абвешчана незалежнасьць Беларускай Народнай Рэспублікі. Аднак старшыня Саюзу мастакоў Рыгор Сітніца, які падаваў заяўку на дазвол, дагэтуль не атрымаў адказу.

Р. Сітніца зьвяртаўся да старшыні Менгарвыканкаму Андрэя Шорца і павінен быў атрымаць адказ на гэтым тыдні. Аднак чыноўнікі нічога не паведамілі Р. Сітніцу, чым парушылі закон «Аб зваротах грамадзян і юрыдычных асоб».

28 траўня Р. Сітніца плянуе накіраваць уладам Менску новы зварот — аб парушэньні тэрміну адказу на папярэдні.

Паводле старшыні Саюзу мастакоў, улады вусна дакляравалі, што дошка будзе ўстаноўлена, аднак пісьмовага рашэньня так і не прынялі.

Памятную дошку выканаў яшчэ ў 1993 годзе скульптар Аляксандар Шатэрнік. Але тады ўлады не далі дазволу на яе ўсталяваньне. Сёлета быў зроблены новы варыянт дошкі скульптарам Ігарам Засімовічам. Прычым грошы на яе сабралі падчас краўдфандынгу за тры гадзіны.

Улады Менску абяцалі, што дошка зьявіцца на будынку, дзе была абвешчана незалежнасьць БНР, яшчэ да 25 сакавіка. Аднак пазьней адкладвалі канчатковае рашэньне. І па-ранейшаму яго не прымаюць.

Svaboda.org/вк

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт