Logo Polskiego Radia
Print

У Беларусі ўпершыню ў гэтым годзе зафіксаваная дэфляцыя

PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna 12.06.2018 10:07
Белстат: па выніках 2017 году зафіксаваная самая нізкая ў Беларусі інфляцыя — 4,6%.
Здымак мае ілюстрацыйны характар.  
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Photo: pixabay.com/Creative Commons Public Domain CC0

У траўні 2018 году ў Беларусі ўпершыню ў гэтым годзе назіралася дэфляцыя — пра гэта сьведчаць даныя Белстата. Спажывецкія цэны ў параўнаньні з красавіком зьнізіліся на 0,3%, са сьнежнем 2017-га — вырасьлі на 2,5%, з траўнем 2017-га — на 4,4%.

У траўні гэтага году ў адносінах да красавіка кошты на харчовыя тавары зьнізіліся на 0,6% (з пачатку году — вырасьлі на 1,7%), на нехарчовыя — зьнізіліся на 0,03% (вырасьлі на 1,9%), на паслугі — вырасьлі на 0,1% (на 4,8%).

У 2017 годзе ў Беларусі два месяцы запар назіралася дэфляцыя: у ліпені цэны зьнізіліся на 0,1%, а ў жніўні на 0,8%. Перш дэфляцыя фіксавалася ў жніўні 2016 году, а да гэтага моманту — толькі ў 2009 годзе.

Па выніках 2017 году зафіксаваная самая нізкая ў гісторыі сувэрэннай Беларусі інфляцыя — 4,6%. У 2016 годзе спажывецкія цэны вырасьлі на 10,6%.

Згодна з плянамі ўраду, рост спажывецкіх цэн у 2018 годзе павінен скласьці ня больш за 6% (у першым квартале — 2,7%, за паўгодзьдзе — 4,1%, за тры кварталы — 4,3%).

Экспэрты адзначалі, што прычынай нізкай інфляцыі зьяўляецца строгая грашова-крэдытная палітыка. Паводле іх прагнозаў, у 2018 годзе, хутчэй за ўсё, інфляцыя будзе трохі паскарацца з-за дырэктыўнага павышэньня зарплат, а таксама росту аб'ёмаў спажывецкага крэдытаваньня й магчымай дэвальвацыі беларускага рубля сьледам за расейскім.

Як зьвяртаюць увагу экспэрты, насельніцтва адчувае, што цэны ў Беларусі растуць у некалькі разоў хутчэй, чым сьведчыць афіцыйная статыстыка. Інфляцыйныя чаканьні беларусаў застаюцца высокімі. Зь нядаўняй справаздачы Нацбанка вынікае, што ў траўні беларусы адчувалі гадавую інфляцыю на ўзроўні 12,9%.

belapan.by/аз


Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт