Logo Polskiego Radia
Print

Зьмены ў заканадаўства аб СМІ могуць быць прынятыя ўжо ў чэрвені

PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna 14.06.2018 09:11
Законапраект можа быць прыняты падчас аднаго з паседжаньняў Палаты прадстаўнікоў, то бок 14 і 27 чэрвеня.
Здымак мае ілюстрацыйны характар.Здымак мае ілюстрацыйны характар.pixabay.com/Public Domain CC0

ГА „БАЖ” атрымала абноўлены законапраект зьменаў у заканадаўства аб СМІ, падрыхтаваны для разгляду Палатай прадстаўнікоў у другім чытаньні.

Кіраўнік ГА „Беларуская асацыяцыя журналістаў”, юрыст Андрэй Бастунец адзначае ключавыя моманты, якія працоўная група прыняла да ўвагі.

„Я прагназаваў, зыходзячы з размоў з прадстаўнікамі працоўнай групы, што могуць быць прынятыя да ўвагі два важных моманты: уведзены судовы парадак абскарджваньняў рашэньняў Міністэрства інфармацыі аб блякаваньні інтэрнэт-рэсурсаў, а таксама ўведзена больш простая працэдура рэгістрацыі анлайн-СМІ. Мой прагноз спраўдзіўся напалову — магчымасьць абскарджваць у судзе рашэньні мінінфарма прапісаная, а працэдура рэгістрацыі застаецца такой жа складанай. Напрыклад, застаецца вызначэньне, што рэдакцыяй можа быць толькі юрыдычная асоба, а не індывідуальны прадпрымальнік ці фізычная асоба”, - кажа Андрэй Бастунец.

Паводле яго, гэта істотна абмяжоўвае ўваход на рынак медыя. Ён нагадвае, што на сёньня ў Беларусі інтэрнэт-рэсурсы наогул не рэгістраваліся як СМІ, іх статус юрыдычна не быў вызначаны. Цяпер уводзіцца добраахвотная рэгістрацыя, але далёка не ўсе змогуць гэта зрабіць.

„Да прыкладу, заснавальнікамі папулярных рэгіянальных рэсурсаў media-polesye.by і ex-press.by зьяўляюцца індывідуальныя прадпрымальнікі. Адпаведна, калі яны захочуць мець статус СМІ, уласьнікам трэба стварыць і зарэгістраваць юрыдычную асобу, а пасьля падаваць свае інтэрнэт-рэсурсы на рэгістрацыю ў Міністэрства інфармацыі”, - нагадвае юрыст.

З першага погляду, прыбралі з законапраекта нормы пра адказнасьць інтэрнэт-рэсурсаў — у КаАП прапаноўвалася ўвесьці артыкулы, што вызначаюць дадатковую адказнасьць для ўласнікаў інтэрнэт-рэсурсаў у 200-500 базавых велічынь. Гэтыя нормы зьніклі з законапректа, але рана радавацца, бо, паводле нашай інфармацыі, яны перанесеныя ў іншы законапраект — аб унясеньні зьмяненьняў у Кодэкс аб адміністратыўных правапарушэньнях. Самае галоўнае, норма ня зьнікла, а застаецца ў актыўнай распрацоўцы.

„Па вялікім рахунку ўсе астатнія пытаньні, на якіх рабілі акцэнт прадстаўнікі ГА „БАЖ”, і прадстаўнікі медыясупольнасьці засталіся па-за ўвагай. Агулам абмеркаваньне законапраекта больш падобнае на імітацыю, чым на спробу знайсьці ўзаемапаразуменьне”, - падсумаваў юрыст.

Законапраект зьменаў у заканадаўства аб СМІ, падрыхтаваны для разгляду Палатай прадстаўнікоў у другім чытаньні, Беларускай асацыяцыі журналістаў перадала дэпутат Ганна Канапацкая.

Згодна з працоўным графікам, у чэрвені заплянавана два паседжаньні Палаты прадстаўнікоў — 14 і 27 чысла. Меркавана, падчас аднаго зь іх і можа быць прыняты законапраект у другім чытаньні.

baj.by/аз

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт