Logo Polskiego Radia
Print

Праблема алькагалізацыі - прыярытэт новага каардынатара ААН па Беларусі

PR dla Zagranicy
Jolanta Śmiałowska 03.10.2018 14:15
35% мужчын у Беларусі рэгулярна ўжываюць алькаголь, каб увайсьці ў стан глыбокага алькагольнага ап'яненьня.
pixabay.com/Public Domain CC0

Вырашэньне праблемы алькагалізацыі беларусаў будзе адным з прыярытэтаў у працы новага пастаяннага каардынатара ААН у Беларусі Яанны Казана-Вішнявецкі. Пра гэта яна заявіла ў інтэрвію БелаПАН.

«Дасьледаваньні паказваюць, што ў Беларусі вельмі лёгка купіць алькаголь, у тым ліку непаўналетнім, – адзначыла Казана-Вішнявецкі. – Вельмі істотная доля моладзі – 25% людзей ва ўзросьце ад 14 да 17 гадоў – мелі вопыт набыцьця алькаголю без дакумэнтаў, якія сьведчаць асобу і, адпаведна, узрост. 35% мужчын у Беларусі рэгулярна ўжываюць алькаголь, каб увайсьці ў стан глыбокага алькагольнага ап'яненьня».

На думку каардынатара ААН, трэба больш гаварыць як пра саму праблему, так і пра рашэньні, неабходныя для зьніжэньня ўзроўню алькагалізацыі. Яны даволі простыя: алькаголь павінен каштаваць даражэй, ён не павінен прадавацца маладым людзям без паказу дакумэнтаў, а таксама не павінен быць даступны паўсюдна, уключаючы запраўкі.

«Гэта тыя пытаньні, прасоўваньнем якіх можа займацца ААН у Беларусі, – сказала Казана-Вішнявецкі. – Варта паказаць тое, якім чынам можна скарачаць спажываньне алькаголю, таму што гэта паляпшае стан здароўя насельніцтва ў цэлым і павышае эканамічную прадукцыйнасьць маладых людзей».

Яна ўпэўненая, што магчымыя страты дзяржбюджэту ў сувязі са скарачэньнем абʼёмаў рэалізацыі алькаголю кампэнсуе даход, які будзе абумоўлены павышэньнем цэн на алькаголь, а таксама павышэньнем эканамічнай прадукцыйнасьці насельніцтва і эканоміяй у сэктары аховы здароўя.

«Гэта прыклад таго, што я бачу адной з абласьцей сваёй працы ў якасьці новага пастаяннага каардынатара ААН у Беларусі, – падкрэсьліла Казана-Вішнявецкі. – Ёсьць і іншыя пытаньні, зьвязаныя са здароўем, харчаваньнем беларусаў, а таксама з узроўнем бясьпекі дома, на працы, за рулём аўтамабіля. Напрыклад, 40% насельніцтва маюць павышаны артэрыяльны ціск і не зьвяртаюцца па лячэньне. Вырашэньне гэтых праблем патрабуе шматсэктарнага і комплекснага падыходу».

Сярод іншых прыярытэтаў работы ААН у Беларусі Казана-Вішнявецкі назвала рэалізацыю Мэтаў устойлівага разьвіцця, падтрымку рэалізацыі нацыянальнага пляну па правах чалавека і ўстойлівага разьвіцьця населеных пунктаў і тэрыторый, якія пацярпелі ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС 32 гады таму.

belapan.by/яс

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт