Logo Polskiego Radia
Print

Абсэрваторыя па абароне праваабаронцаў падтрымала Рамана Кісьляка

PR dla Zagranicy
Jolanta Śmiałowska 19.10.2018 14:35
Суд па справе ўдзельніка пратэсту супраць акумулятарнага завода ў Брэсьце адбудзецца 24 кастрычніка.

Улады Беларусі мусяць пакласьці канец любым формам перасьледу, у тым ліку на судовым узроўні, супраць сп. Рамана Кісьляка, а таксама прытрымлівацца абавязковых для Беларусі міжнародных стандартаў, у тым ліку адносна свабоды мірных сходаў», – гаворыцца ў прэс-рэлізе Абсэрваторыі, апублікаваным сёньня на сайце Міжнароднай фэдэрацыі за правы чалавека.

14 кастрычніка 2018 года Раман Кісьляк быў затрыманы падчас несанкцыянаванага мірнага сходу супраць будаўніцтва акумулятарнага завода ў Брэсьце.

«Супрацоўнікі міліцыі затрымалі прынамсі 16 чалавек зь ліку найбольш актыўных удзельнікаў акцыі, у тым ліку былога кандыдата ў прэзыдэнты Мікалая Статкевіча. Тры непаўналетнія, адзін дарослы, які аказаўся бацькам аднаго з непаўналетніх, і адна жанчына былі вызваленыя неўзабаве пасьля затрыманьня. Астатнія правялі ноч у зьняволеньні, у тым ліку Раман Кісьляк. Дванаццаць чалавек былі ў выніку абвінавачаныя па ч. 1 арт. 23.34 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэньнях за ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве, які прадугледжвае пакараньне да 15 сутак адміністрацыйнага арышту», – адзначаюць міжнародныя праваабаронцы.

Абсэрваторыя нагадвае, што трое пратэстоўцаў былі асуджаныя на пяць сутак адміністрацыйнага арышту, у тым ліку Мікалай Статкевіч і блогеры Сяргей Пятрухін і Аляксандр Кабанаў. Астатнія былі аштрафаваныя на агульную суму, эквівалентную 1200 эўра.

Раман Кісьляк адчуў сябе дрэнна і быў шпіталізаваны праз высокі ціск. Пасьля шпіталізацыі, Кісьляк ня быў вернуты пад варту. Суд па яго справе адбудзецца 24 кастрычніка.

Абсэрваторыя па абароне праваабаронцаў (Абсэрваторыя) была створана ў 1997 годзе FIDH і Сусьветнай арганізацыяй супраць катаваньняў (OMCT). Мэта праграмы – умяшальніцтва з мэтай прадухіленьня або ліквідацыі сытуацый рэпрэсій супраць праваабаронцаў.

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт