Logo Polskiego Radia
Print

Міжнародныя праваабаронцы асуджаюць ціск уладаў на актывістаў

PR dla Zagranicy
Jury Lichtarowicz 16.11.2018 13:45
Міжнародная арганізацыя па правах чалавека выступіла з асуджэньнем дзеяньняў беларускай міліцыі ў дачыненьні да грамадзкіх актывістаў.
Photo: fidh.org

Абсэрваторыя па абароне праваабаронцаў, партнэрская праграма FIDH і Сусьветнай арганізацыі супраць катаваньняў (OMCT), распаўсюдзіла тэрміновы зварот з нагоды перасьледу сябра ПЦ «Вясна» Алеся Буракова.

Супраць беларускага праваабаронцы міліцыя пачала праверку паводле арт. 193.1 Крымінальнага кодэкса за «удзел у дзейнасьці незарэгістраванага грамадзкага аб’яднаньня».

Міліцыянты пагражаюць Алесю Буракову, які з’яўляецца рэдактарам праваабарончага партала «Правы чалавека ў Магілёве», адказнасьцю ў выпадку, калі той будзе працягваць займацца праваабарончай журналістыкай.

Абсэрваторыя нагадвае, што гэта другая спроба ўладаў аказаць ціск на праваабаронцу. У верасьні 2018 года органы МУС праводзілі праверку ў дачыненьні да Буракова, якая была зьвязаная з яго супрацай з сайтам mspring.online. Праверка была распачатая па скарзе ўладальнікаў завода «Омск Карбон Груп», якія былі незадаволеныя крытычным артыкулам аб дзейнасьці прадпрыемства, апублікаваным на рэгіянальным сайце ПЦ «Вясна».

Абсэрваторыя «асуджае перасьлед Алеся Буракова, адзінай мэтай якога з’яўляецца пакараньне за яго законную дзейнасьць у галіне правоў чалавека» і заклікае ўлады Беларусі «пакласьці канец усім актам перасьледу, у тым ліку на судовым узроўні, супраць яго і ўсіх праваабаронцаў краіны».

Міжнародныя праваабаронцы таксама нагадваюць пра незаконнасьць рашэньня аб пазбаўленьні ПЦ «Вясна» рэгістрацыі

Паводле ПЦ «Вясна»/юл

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт