Logo Polskiego Radia
Print

Перад візытам да Пуціна Лукашэнка раіўся з кіраўніцтвам ураду й старшынём КДБ

PR dla Zagranicy
Valery Sauko 24.12.2018 10:30
У сваёй прамове Лукашэнка гаварыў пра тое, што Расея зьяўляецца для Беларусі найважнейшым зьнешнім партнэрам.
Аляксандр Лукашэнка і Ўладзімір Пуцін падчас сустрэчы (архіўны здымак)Аляксандр Лукашэнка і Ўладзімір Пуцін падчас сустрэчы (архіўны здымак)фота: прэс-служба кіраўніка Беларусі

Перад паездкай у Маскву на сустрэчу з Уладзімірам Пуціным Аляксандр Лукашэнка раіўся з кіраўніцтвам ураду й старшынём КДБ. 24 сьнежня прайшла нарада, прысьвечаная актуальным пытаньням супрацоўніцтва з Расеяй. На фотаздымках БелТА можна ўбачыць, што старшыня Камітэту дзяржаўнай бясьпекі Валерый Вакульчык сядзіць побач зь міністрам замежных спраў Уладзімірам Макеем.

У сваёй прамове Лукашэнка гаварыў пра тое, што Расея зьяўляецца для Беларусі найважнейшым зьнешнім партнэрам. «Усебаковы характар нашых дачыненьняў мае сур'ёзнае значэньне ня толькі для Беларусі, але таксама й для Расіі, – адзначаў кіраўнік дзяржавы. – Яны будуюцца на сыстэмнай і, самае галоўнае, плянавай аснове». Пры гэтым Аляксандр Лукашэнка наракаў, што ня ўсе падпісаныя пагадненьні выконваюцца.

Важнай зьяўляецца згадка Лукашэнкам таго, што паўгоду таму Масква не падтрымала «многія... прапановы аб больш цеснай інтэграцыі». Як вядома, у апошнія тыдні з боку кіраўніцтва Расеі й звычайных палітыкаў неаднаразова гучалі заявы аб неабходнасьці «паглыбленьня інтэграцыі» Беларусі й Расеі.

Сустрэча Аляксандра Лукашэнкі і Ўладзіміра Пуціна пройдзе ў Маскве 25 сьнежня. Афіцыйна заяўлена, што гаворка пойдзе пра гандлёва-эканамічную сфэру «з акцэнтам на рэалізацыі ранейшых дамоўленасьцяў у інтэграцыйных фарматах». Беларускі бок мае прэтэнзіі па кошце на расейскі газ, па стратах з-за «падатковага манэўру». У Маскве дагэтуль па гэтых пытаньнях ні на якія саступкі ісьці не захацелі.

эўрарадыё/вс

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт