Logo Polskiego Radia
Print

Знойдзены забойца, які зьдзейсьніў злачынства 35 гадоў таму

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 11.01.2019 15:34
Забойцы нанесьлі таксісту ня менш як 47 удараў рознымі прадметамі і кінулі паміраць.
photo: www.pixabay.com/CC0 Creative Commons

Гомельскі абласны суд 11 студзеня завяршыў разгляд крымінальнай справы ў дачыненьні да 55-гадовага жыхара Рэчыцкага раёна, які абвінавачваецца ў зьдзяйсьненьні забойства 35 гадоў таму назад. Ігар Севярынец прызнаны вінаватым і прысуджаны да 15 гадоў пазбаўленьня волі ў калёніі строгага рэжыму з канфіскацыяй усёй маёмасьці, а таксама да прымусовага лячэньня ад алькагалізму. Прысуд пакуль не ўступіў у законную сілу.

Вясковец абвінавачаны ў тым, што ў ноч на 27 лютага 1984 году разам з змоўшчыкам напаў на таксіста. Забойцы нанесьлі яму ня менш як 47 удараў рознымі прадметамі і кінулі паміраць паўголым на замёрзлым возеры ў Навабеліцкім раёне Гомеля. Здабычай злачынцаў сталі асабістыя рэчы таксіста, партманэт, ключы, трохі грошай.

Доўгі час забойства заставалася нераскрытым. Дзякуючы сучасным тэхнічным магчымасьцям у 2016 годзе было ўстаноўлена супадзеньне адбіткаў далоняў і біялягічнага матэрыялу меркаванага забойцы і мужчыны, які на той час знаходзіўся ў СІЗА.

Абвінавачанаму на момант забойства быў 21 год. Да пачатку новага працэсу Ігар Севярынец быў судзімы 12 разоў, у агульнай складанасьці правёў у месцах пазбаўленьня волі за крадзяжы, махлярства, згоны аўтамабіляў 23 гады.

У пачатку сьледзтва ён прызнаўся ў забойстве, напісаў яўку з павіннай і даў паказаньні. Але затым адмовіўся ад сваіх слоў, накіраваў шэраг скаргаў у пракуратуру і заявіў, што апэратыўныя супрацоўнікі міліцыі прымусілі яго агаварыць сябе.

Па вэрсіі абвінавачанага, у маладосьці Севярынец нядоўга працаваў ахоўнікам на заводзе. Насіў форму, падобную на міліцэйскую. «У 2016 годзе, калі я сядзеў у СІЗА, да мяне прыйшоў апэратыўны супрацоўнік міліцыі і прымушаў прызнацца ў забойстве. Ён паказаў маю старую фатаграфію, дзе я ў «міліцэйскай» форме, і пагражаў, што пакажа яе іншым вязьням. За гэта мяне маглі «прапусьціць праз прэс-хату», гэта значыць зрабіць «пеўнем». Таму я прызнаўся ў забойстве. Хоць я не зьдзяйсьняў яго », – заявіў на судзе мужчына.

На сьледзтве ён казаў, што зьдзейсьніў забойства з прыяцелем. Але віна прыяцеля пасьля не пацьвердзілася. Зараз сьледзтва шукае другога зламысьніка.

паводле www.naviny.by/нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт