Logo Polskiego Radia
Print

Сёлета беларускі бюджэт атрымае ад пошлін на нафту на адну траціну менш

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 11.01.2019 16:36
Такую ацэнку заклала Міністэрства фінансаў у бюджэт на бягучы год.
photo: pixabay.com/CC0

У 2019 годзе даходы бюджэту Беларусі ад вывазных мытных пошлін на нафтапрадукты могуць зьнізіцца на трэць у параўнаньні з 2018 годам. Паводле зьвестак БелаПАН, такую ацэнку заклала Міністэрства фінансаў у бюджэт на бягучы год. Прычына адмоўнай дынамікі – зьмяншэньне вывазных мытных пошлін на нафту і нафтапрадукты, якія залічваюцца ў бюджэт.

Паводле падліку ўладаў, даходы бюджэту ад вывазных мытных пошлін на нафтапрадукты складуць у 2019 годзе 1,39 млрд. рублёў (на 31,3% менш у параўнаньні з чаканым узроўнем 2018 года). Акрамя гэтага, вывазныя мытныя пошліны на нафту, якую Беларусь на сваёй тэрыторыі здабывае і экспартуе, прынясуць у бюджэт у 2019 годзе 316,5 млн рублёў (на 22,1% менш у параўнаньні з 2018-м).

Аляксандар Лукашэнка 10 студзеня на нарадзе па эканамічных пытаньнях даручыў ураду «не гіпэрбалізаваць праблемы, зьвязаныя з стратамі беларускага бюджэту з-за падатковага манэўру ў Расеі, а шукаць іншыя надзейныя крыніцы, якія кампэнсуюць гэтыя нэгатыўныя моманты«.

На думку экспэртаў, у тым выпадку, калі Беларусі прыйдзецца адшукваць унутраныя крыніцы для кампэнсацыі страт у сувязі з падатковым манэўрам, можа паўстаць пытаньне аб скарачэньні падатковых ільгот альбо павышэньні ставак падаткаў. Акрамя гэтага, экспэрты чакаюць, што з-за ўплыву падатковага манэўру можа быць скарочана падтрымка дзяржпрадпрыемствам.

Як паведамлялася, сукупныя страты з-за падатковага манэўру ў нафтавай галіне Расеі беларускія ўлады ў 2019-2024 гадах ацэньваюць у 10,5 млрд. даляраў.

паводле БелаПАН/нг

tags:
Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт