Logo Polskiego Radia
Print

Журналіста, які змагаўся з наркотыкамі, выгналі са “Звязды”

PR dla Zagranicy
Alena Vialichka 17.12.2011 15:14
Зь Яўгенам Валошыным расправіўся новы “рэдактар у пагонах” Алесь Карлюкевіч.

/

Загадчыка аддзела журналісцкіх расьсьледваньняў Яўгена Валошына звольнілі з газэты “Звязда”, дзе ён адпрацаваў 2,5 гады. Фармальная прычына звальненьня –ён без дазволу ў працоўны час зьезьдзіў у Кіеў на Глябальную канфэрэнцыю журналістаў-расьсьледвальнікаў. Новы рэдактар Алесь Карлюкевіч не дараваў гэтага журналісту.

Алеся Карлюкевіча прызначылі ў лістападзе замест Уладзімера Наркевіча, які кіраваў “Звяздой” 22 гады. Карлюкевіч скончыў вышэйшую вайскова-палітычную вучэльню ў Львове, адкуль выйшаў капітанам. Цяпер, кажуць, Карлюкевіч мае пагоны ці то палкоўніка, ці то падпалкоўніка. Да гэтага ён кіраваў “Чырвонай зьменай”, якая пры ім і зачынілася, потым працаваў у “Савецкай Беларусі”. Потым узначальваў холдынг “Літаратура й Мастацтва”, утвораны ў выніку разгрома ўсіх дзяржаўных літаратурных часопісаў.

Журналіст Яўген Валошын займаўся ў “Звяздзе” рэдкім жанрам – журналісцкімі расьсьледваньнямі. Апошні год Валошын распрацоўваў тэму наркагандлю ў Беларусі, аднойчы нават патрапіў у наркапрытон, дзе здарылася патасоўка, але журналіст здолеў выбрацца. Як мяркуе сам Валошын, сваімі матэрыяламі ён перайшоў дарогу некаму ў сілавых ведамствах. Ускосна пры звальненьні гэта пацьвердзіў і Карлюкевіч.

Адметна, што за часам Наркевіча ў рэдакцыю мінімум тройчы прыходзілі супрацоўнікі КДБ і патрабавалі звольніць Валошына, але рэдактар не пайшоў на такі ўчынак. Новы рэдактар Алесь Карлюкевіч зрабіў гэта зь лёгкасьцю.

Арцём Багданаў, Менск

tags:
Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт