Logo Polskiego Radia
Print

Вызваленьне “15-сутачнікаў” з Акрэсьціна(ФОТА)

PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna 04.01.2012 08:43
  • Акрэсьціна.mp3
Увечары 3 студзеня зь ізалятара на Акрэсьціна на свабоду выйшлі грамадзкія актывісты, арыштаваныя за акцыю 19 сьнежня.

Нагадаем, тады на прыступках Чырвонага касьцёла, дзе людзі запальвалі зьнічкі ў памяць пра падзеі ў дзень апошніх прэзыдэнцкіх выбараў, амапаўцы схапілі некалькі дзясяткаў чалавек.

Самае вялікае пакараньне – 15 сутак адміністрацыйнага арышту – атрымалі Максім Вінярскі, Юрась Шпак-Рыжкоў, Аляксандр Валанцэвіч ды сябры “Маладога Фронту” Раман Васільеў, Уладзь Яроменак і Ігар Кішко.

Дарэчы, як зазначалі ў судзе сьведкі, маладафронтаўцы стаялі пад самым касьцёлам і ня мусілі трапіць у рукі міліцыянтаў. Калі ж пачалася тузаніна, хлопцы сталі ў ланцуг, каб абараніць жанчын ды дзяўчат, а пасьля й самі апынуліся ў міліцэйскай машыне.

Былы палітвязень Уладзь Яроменак на знак пратэсту супраць учыненага гвалту ў дачыненьні да вернікаў усе 15 дзён адмаўляўся ад ежы.

Пазьней за ўсіх, а 12 начы выйшаў Юрась Навіцкі. Мужчыну затрымалі не на Плошчы, як тое меркавалася першапачаткова, а ў менскім мікрараёне Серабранка.

Сябра “Руху за Свабоду” пабачыў затрыманьне незнаёмага хлопца, які ляпіў апазыцыйныя ўлёткі на слупах. Мужчына пачаў фатаграфаваць дзеяньні міліцыянтаў, пасьля чаго тыя затрымалі й яго. У выніку хлапец атрымаў штраф, а Юрась Навіцкі – адміністрацыйны арышт 15 сутак.

Паводле мужчыны, на Акрэсьціна яго ўвесь час абшуквалі й ганялі з камэры ў камэру. Па выхадзе ў яго адабралі ўсе запісы ды малюнкі, зробленыя падчас адсідкі.

Юрась Навіцкі таксама трымаў галадоўку, і нават паспрабаваў перайсьці на сухую яе форму. Пасьля гэтага ў яго моцна пагоршылася самаадчуваньне, і ён вярнуўся да ўжываньня вады. Цяпер мужчына адчувае сябе няблага.

Арцём Багданаў, Менск

Уладзь
Уладзь Яроменак ды Раман Васільеў
Сустракаючыя
Сустракаючыя
Максім
Максім Вінярскі
Юрась
Юрась Навіцкі
Ігар
Ігар Кішко ды Ўладзь Яроменак
Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт